Трох наркадылераў злавілі ля Кургана Славы
У Кургана Славы затрымалі наркадылераў, калі яны забіралі партыю наркотыку, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УУС Менскага аблвыканкама Надзея Ерашова.
Троіца прыбыла ў сталіцу з Бягомля і знайшла незаконную падпрацоўку. Ад іх патрабавалася забраць дурман з тайніка, расфасаваць і перахаваць у іншыя зацішныя месцы. Заданні ад «працадаўцы» прыходзілі па Інтэрнэце. Таварам былі псіхатроп альфа-PVP і гашыш, 10 г якога і знайшлі ў хлопцаў пры затрыманні.
Пасля высветлілася, што наркакур’еры зрабілі ў Менску каля 80 схованак са забароненымі рэчывамі. Акрамя таго, адзін з удзельнікаў злачыннай групы хаваў у пад’ездзе дома, дзе жыў, больш за 60 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва, яно канфіскавана.
Праваахоўнікі высвятляюць іншыя акалічнасці супрацьпраўнай дзейнасці затрыманых, у дачыненні да якіх заведзены крымінальныя справы па арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь ( «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў»). Ідзе расследаванне.