Трох жыхароў Берасцейшчыны будуць судзіць за паляванне на зубра
Пракуратура Берасцейскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу аб незаконным паляванні на зубра.
Як паведаміла БелаПАН старшы памочнік пракурора Берасцейскай вобласці Ірына Грачова, фігуранты справы — жыхары Брэсцкага раёна 1963, 1965 і 1973 гадоў нараджэння.
13 лістапада 2018 года мужчыны палявалі на зайца ў лясным масіве на мяжы Берасцейскага і Жабінкаўскага раёнаў.
Калі за 50 км ад нацыянальнага парку „Белавежская пушча” паляўнічыя сабакі выйшлі на след зубра, двое мужчын пачалі пераследваць жывёлу. Адзін паляўнічы стрэліў тройчы, другі — адзін раз. Пры гэтым яны палявалі на зубра без належнага дазволу.
Пасля гібелі жывёлы мужчыны пакінулі дома стрэльбы, узялі нажы, сякеры, рыдлёўкі, мяшкі для фасоўкі мяса і ў лесе пачалі разбіраць тушу. За гэтым заняткам іх затрымалі супрацоўнікі Кобрынскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і ўчастковы інспектар Брэсцкага РАУС.
Дзеянні двух фігурантаў справы кваліфікаваныя па ч. 4 арт. 282 КК (незаконнае паляванне), трэцяга — па ч. 3 арт. 282-1 КК (незаконная разборка дзікай жывёліны).
Падчас папярэдняга следства абвінавачаныя пакрылі прычыненую шкоду ў 58,8 тыс. рублёў у поўным аб’ёме.
Крымінальная справа накіраваная для разгляду ў суд Берасцейскага раёна.