Трох жыхароў Віцебска аштрафавалі за сцягі на Дзень Волі
У судзе Кастрычніцкага раёна прайшлі тры працэсы над жыхарамі Віцебска, якія 24 сакавіка сфатаграфаваліся каля помніка князю Альгерду з бел-чырвона-белым сцягам. Усіх трох – Міколу Качурца і братоў Уладзіміра ды Яраслава Кійко – аштрафавалі як за правядзенне несанкцыянаванага пікета.
Ніводзін з аштрафаваных сваёй віны не прызнае. Ды і міліцыянты, якія выступілі на судзе ў якасці сведак, не змаглі патлумачыць сутнасці абвінавачання, кажа Уладзімір Кійко.
– Шчыра кажучы, быў для мяне трошкі шок, бо я не ведаў, што трэба браць дазвол, каб сфатаграфавацца. Бо так мне сёння міліцыянты патлумачылі ў судзе, што я незаконна фатаграфаваўся. Я пытаўся, што я такога зрабіў, што такога казаў? Але яны адказвалі, што нічога не бачылі і не чулі. Але заўважылі, што я трымаў у руцэ бел-чырвона-белы сцяг і ўжо самім гэтым фактам парушыў заканадаўства.
Міколу Качурцу і братам Кійко далі аднолькавыя штрафы – па 4 базавыя велічыні. Чаму пад увагу міліцыі трапілі толькі яны з усяго натоўпу, што сабраўся ля помніка, так і застаецца незразумелым. Працэсы праходзілі па адной і той самай схеме, і сведкамі былі адны і тыя самыя трое міліцыянтаў, якія па чарзе пераходзілі з адной залы ў другую. На гэта звяртае ўвагу праваабаронца Ірына Траццякова.
– Гэта, як кажуць, “Супадзенне? Не думаю!”, што ўсім – па 4 базавыя. Такі выбарачны, кропкавы пераслед грамадзянаў сведчыць пра тое, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне робіцца ўсё горшай, робіцца абсурднай. Бо цяпер не зразумела, з чым, каля якога помніка і ў які дзень можна фатаграфавацца, а ў які – нельга!
Усе трое аштрафаваных збіраюцца аспрэчваць пакаранні ў абласным судзе. Дарэчы, летась Міколу Качурцу гэта ўдалося: яго таксама былі аштрафавалі за бел-чырвона-белы сцяг у Дзень Волі, але потым судовую пастанову скасавалі, а штраф вярнулі. Праўда, ягоны бел-чырвона-белы сцяг быў незаконна знішчаны ў Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі.
Ганна Ліпка, беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі