Трох жыхароў Жлобіна асудзілі за „масавыя беспарадкі”



Трох жыхароў Жлобіна 22 сакавіка суд прыгаварыў да 2,5 года калоніі за „масавыя беспарадкі” і „гвалт у дачыненні да міліцыі”. Пракурор Андрэй Аношка запытваў тры гады калоніі кожнаму.

Аб прысудзе БелаПАН паведамілі жыхары раённага цэнтра.

Маладыя людзі ва ўзросце ад 21 года да 24 гадоў абвінавачваліся ў тым, што 9 і 10 жніўня 2020 года бралі ўдзел у масавых беспарадках і прымянілі гвалт у дачыненні да міліцыі.

Крымінальную справу Іллі Патрушава, Віктара Шмігельскага і Андрэя Шаўчука разглядаў суддзя Мікалай Сергяевіч.

Маладыя людзі былі затрыманыя ў лістападзе. МУС сцвярджаў, што яны „кідалі камяні і тратуарную плітку ў міліцыянераў і іх службовы транспарт”.

Падсудныя прызналі віну часткова. Шмігельскі паведаміў, што пайшоў у цэнтр горада з цікаўнасці, лозунгі не крычаў, у счэпцы не стаяў. Шаўчук заявіў у судзе, што зрабіў прызнанне на відэакамеру пад ціскам. Паводле слоў абвінаваанага, яго затрымалі супрацоўнікі АМАПа 18 лістапада на Беларускім металургічным заводзе, вывезлі ў лес, збілі і сказалі, што трэба гаварыць на камеру.

Як патлумачыў у судзе Патрушаў, прызнальныя паказанні пра тое, што ён кідаў камяні ў бок міліцыі, даў на следстве таму, што яго запалохалі, і сваіх знаёмых ён абгаварыў.

Раней суд Жлобінскага раёна адправіў у калонію на тры гады за „масавыя беспарадкі” 18-гадовага Аляксандра Кісялёва, 19-гадовага Яўгена Каханоўскага (3,5 года калоніі), 21-гадовага Дзмітрыя Гопту (пакутуе на разумовую непаўнавартаснасць, асуджаны на 2 гады калоніі) і 17-гадовага Віталя Прохарава (2 гады).

БелаПАН