Трусаў: Сайт Універсітэта імя Ніла Гілевіча недаступны з-за хакерскай атакі



Сайт прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча nhu.by зазнаў хакерскі напад і ў цяперашні час недаступны, паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў.

„Хакерская атака была яшчэ пару месяцаў таму, — сказаў ён. — Мы папрасілі спецыялістаў, і яны трохі аднавілі сайт — на яго можна было заходзіць. Але абнаўляць мы яго не маглі, таму што ўвесь час з’яўлялася папярэджанне аб тым, што была спроба хакерскага ўзлому, што занесеныя вірусы. Потым сайт проста „памёр”. Мабыць, тыя, хто падаваў нам паслугі па размяшчэнні сайта, яго зусім адключылі”.

„Цяпер думаем, што рабіць: перапісваць тое, што ёсць, ці ствараць абсалютна новы сайт. Таму што я не ведаю, як рамантаваць гэты сайт. Спрабавалі-спрабавалі, чысцілі-чысцілі яго ад вірусаў, але, верагодна, прафесіяналы сайт ламалі. Ворагі не спяць”, — дадаў в.а. рэктара ўніверсітэта.

На думку Трусава, за атакай на сайт ВНУ могуць стаяць прадстаўнікі „рускага свету”, незадаволеныя станаўленнем універсітэта з нацыянальнай мовай навучання. „Вы ж чулі, як расійскі міністр культуры занепакоіўся [станам рускай мовы ў Беларусі]. У Расіі цэлая „фабрыка троляў”. Калі яны могуць узламаць ўсякія сайты накшталт сайта Пентагона, то ўзламаць наш ім раз плюнуць”, — заявіў ганаровы старшыня ТБМ.

„Таварыства беларускай мовы” запусціла сайт заснаванага ім прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча летам 2018 года. На ім карыстальнікі маглі азнаёміцца з гісторыяй стварэння ВНУ, яе акадэмічным профілем, а таксама трэба пакінуць заяўку на навучанне або выказаць жаданне выкладаць ва ўніверсітэце. Таксама праз сайт можна было даведацца, як фінансава падтрымаць універсітэт або прапанаваць валанцёрскую дапамогу.

Ствараць прыватны беларускамоўны ўніверсітэт ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня таго ж года Мінгарвыканкам зарэгістраваў ВНУ як структурнае падраздзяленне таварыства і выдзеліў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць яе назву. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве быў зарэгістраваны і статут універсітэта, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях.

Цяпер заснавальнікі ВНУ займаюцца падрыхтоўкай дакументацыі, неабходнай для атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць па шасці спецыяльнасцях: камп’ютарныя тэхналогіі ў сферы культуры і адукацыі; ахова помнікаў культуры, гістарычнай спадчыны, турызм; паланістыка; германістыка; мастацкі пераклад; урбаністыка. Меркавалася, што спроба атрымаць ліцэнзію ў Міністэрстве адукацыі будзе зробленая ў лютым, аднак гэтую справу было вырашана адкласці на некалькі месяцаў у сувязі з неабходнасцю распрацаваць вучэбна-метадычныя комплексы.

Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка, у якой сярод іншых браў удзел Алег Трусаў, Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў стварэнне прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча. „Тое, што вы там — гэта трэба пацікавіцца — універсітэт стварылі самі, не спадзеючыся ні на каго — ну, гэта добра”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён папярэдзіў Трусава: „Толькі каб гэта быў, Алег, правільны ўніверсітэт. Ну мы ж з табой ужо пражылі нямала часу. Каб расейскую мову шанавалі і вывучалі”.