Трусаў: невялічкія, але ўпэўненыя крокі да беларушчыны



Беларускія ўлады аднавілі выданне часопіса «Бярозка» – гэта таксама крок да беларускасці і пашырэння беларускамоўнай літаратуры, лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Па яго словах, ТБМ даўно дамагаўся ад уладаў такога рашэння.

– Улада пачала хоць па трошку нешта рабіць – то там, то там. Адрадзілі часопіс “Бярозка” зноў… яны ж яе закрылі былі. Яна была – дадатак да “Маладосці”. Мы ваявалі з імі тры гады, ізноў яна адрадзілася. Калі так паглядзець, то шмат дзе можна знайсці невялічкія, але ўпэўненыя крокі да беларушчыны.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка выказаўся за перагляд сістэмы навучання беларускіх вучняў. Як паведамляе БЕЛТА, у цяперашні час вывучаецца сітуацыя ў сферы сярэдняй адукацыі.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў школьную праграму, у якой рускай і нават ангельскай мове адводзіцца больш гадзін, чым беларускай. Нараканні ў Лукашэнкі ёсць і да школьнай праграме па літаратуры, у якую па незразумелых прычынах ўключаюцца тыя ці іншыя творы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя