Тры дні бастуюць вяскоўцы на Слонімшчыне



У РУСП “Новадзявяткавічы” Слонімскага раёна ужо тры дні працягваюцца хваляванні вяскоўцаў.

Незадаволеныя людзі разам выступілі супраць кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Акуліча і катэгарычна патрабуюць зняць яго з пасады. Па словах вяскоўцаў, кіраўнік гаспадаркі “пастаянна абражае жанчын і мужчын, не лічыць іх за людзей”. У “Новадзявяткавічах” дрэнна аплочваецца іх фізічная праца, заробак пастаянна затрымліваецца, кіраўнік пастаянна пагражае звальненнем і шмат іншых праблем, звязаных з кіраўніком гаспадаркі і сельскімі буднямі. Таму вяскоўцы з 16 траўня не выйшлі на працу і патрабуюць звальнення спадара Акуліча. Разбірацца з хваляваннямі вяскоўцаў прыехала амаль усё кіраўніцтва Слонімскага райвыканкама. Але станоўчых вынікаў на карысць патрабаванняў людзей пакуль няма.

А ў пятніцу пачаліся новыя хваляванні людзей у вёсцы Сасноўка. А гэта таксама РУСП “Новадзявяткавічы”. Вяскоўцы незадаволены тым, што ім пад пасадку бульбы выдаткавалі самую дрэнную зямлю, адзін пясок, дзе бульба расці не будзе. А лепшыя землі аддалі аграпрадпрыемству па вытворчасці беконнай свініны “Белдан”. Хваляванні вяскоўцаў на Слонімшчыне працягваюцца.

Беларускае Радыё Рацыя, Cлонімскі раён Фота gs.by