Тры гады калоніі за спыненне машыны ДАІ
Тры гады калоніі — такі прысуд вынеслі прадпрымальніку і дырэктару канцэртнага агенцтва Horse&Vega Івану Канявегу ў Менску. Абвінавачвалі яго адразу па трох крымінальных артыкулах — усё па падзеях з 9 па 10 жніўня.
Паводле абвінавачвання, Канявега ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў ДАІ і пашкодзіў іх машыну. Сам Іван віну не прызнаў — на мінулых пасяджэннях ён сказаў, што спрабаваў спыніць машыну ДАІ, бо бачыў, як яна на вялікай хуткасці едзе ў бок натоўпу людзей.
Аплата кампенсацыі і іншыя акалічнасці на прысуд ніяк не паўплывала, кажа маці Івана Любоў Міхайлаўна:
– Мы ўсё аплацілі, рамонт гэтай машыны. Лічылася, што “даішнікі” – пацярпелыя. Мы аплацілі ім, яны запрасілі маральную шкоду.
У яго там праца, у яго ўдушша. У нас тата-інвалід, які патрабуе догляду. Дачка наша працуе ў Кіеве, таму што фірма яе перавяла туды яшчэ ў лістападзе.
Іван Канявега супрацоўнічаў з рознымі дабрачыннымі арганізацыямі (дапамагаў сем’ям з аўтызмам, бяздомным жывёлам). Таксама ён стварыў мабільную прыладу для людзей, што перанеслі інсульт. Усе гэтыя характарыстыкі не былі ўлічаныя судом.
А дзяўчына Івана Таццяна наўпрост падчас вынясення прысуду зрабіла яму прапанову аб шлюбе:
– Я напісала на лісце і запыталася, ці будзе ён маім мужам. І калі згодны папрасіла яго, каб кіўнуў. Ён кіўнуў і сказаў “так”. Таму я спадзяюся, што ў бліжэйшы месяц, пакуль ён яшчэ знаходзіцца да падачы апеляцыі, мы зможам з ім распісацца.
Прысуд Івану Канявегу вынесла суддзя суда Заводскага раёна горада Менска Кацярына Мурашка.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з сацыяльных сетак Івана Канявегі