Тры гады калоніі – за выкарыстанне пярцовага балончыка супраць міліцыянтаў
Да трох гадоў пазбаўлення волі асудзілі віцябляніна Арцёма Ісакава.
Суд Кастрычніцкага раёну прызнаў яго вінаватым паводле артыкула 364 Крымінальнага Кодэксу («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Суддзя Сяргей Будрэвіч разбіраў справу паводле падзеяў 25 кастрычніка мінулага году: у той дзень у Віцебску быў марш мірнага пратэсту, і адразу 9 міліцыянтаў заявілі, што супраць іх быў выкарыстаны балончык з газам.
Праваабаронца Ірына Траццякова лічыць вынесены прысуд адносна мяккім у цяперашніх умовах:
– Дзяржаўнае абвінавачанне папрасіла 6 гад пазбаўлення волі, было заяўлена 9 пацярпелых. І я думаю, што тры гады пазбаўлення волі – гэта настолькі разумна, як толькі можа быць у цяперашняй сітуацыі. Калі даюць і па 6, і па 7 гадоў пазбаўлення волі.
Адвакаты настойвалі, каб Арцёма Ісакава апраўдалі, бо доказы пацярпелых выглядалі не пераканаўча, і экспертыза не выявіла слядоў рэчыва з балончыка на іхнім адзенні, за выключэннем курткі аднаго з міліцыянтаў.
Бацька падсуднага, Сяргей Ісакаў, абураны тым, што суд не прыняў да ўвагі галоўны аргумент – сын не ведаў, што перад ім міліцыянты:
– Арцём убачыў, што чалавек у цывільным адзенні спрабуе выштурхнуць з калоны пратэстоўцаў мужчыну. І ён адрэагаваў: нейтралізаваў дзеянні гэтага чалавека. Аказалася, што гэта супрацоўнік міліцыі – яны ўсе там былі ў цывільным. Зразумела, каб яны былі ў форменным адзенні, то Арцём бы не выкарыстоўваў ніякага балончыка, нічога.
Арцём Ісакаў быў затрыманы ў дзень здарэння, 25-га кастрычніка 2020-га году. Спачатку яго асудзілі па адміністрацыйным артыкула 23.34 – як удзельніка несанкцыянаванай масавай акцыі. Праз тры дні яго змясцілі пад варту, і з тае пары хлопец знаходзіцца ў следчым ізалятары.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск