Тры гады хата пустуе – нагода яе канфіскаваць



На днях Лукашэнка падпісаў новы ўказ №357 „Аб пустых і старых дамах. Ён дазваляе паскорыць працэдуру канфіскацыі гэтага жылля. Цяпер пустыя дамы будуць выяўляцца на працягу года. Калі ў хаце не жывуць тры гады і ўладальнік не пацвердзіць дзеяннямі жаданне прывесці дом і ўчастак у парадак, яго будуць канфіскоўваць. Дом прададуць на аўкцыёне або ён пойдзе пад бульдозер.

Больш за ўсё такіх дамоў у сельскай мясцовасці. Мы праехаліся па некаторых вёсках Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў і папрасілі мясцовых жыхароў выказацца на гэты конт.

Во, дзе хата, не жывуць.

РР: А колькі там прыкладна дамоў, 10, 20?

– Болей, можа. Усё парасцягванае, вокны пабітыя.

РР: А як вы лічыце, трэба каб дзяржава іх потым руйнавала, калі за 3 гады гаспадар не з’яўляецца?

Не ведаю. Мая хата будзе пустая.

– Нам прастору не трэба, нам трэба, каб людзі жылі. Няхай бы прыехалі, засяліліся ў гэтыя дамы і жылі. І была б вёска як вёска. А так зруйнуюць, зраўняюць, узаруць зараз – і ўсё, нічога не застанецца.

– Няхай бы стаялі дамы, бо весялей. Вёску Струкі, напрыклад, што за 3-4 кіламетры ад нас – паляць. Гэта Докшыцкі раён. Хаты папалілі – і ўсё. Людзі просяцца, каб хоць далі шафы вывезці. Прыехала і стаіць пажарная машына, а яны паляць.

РР: Улады паляць?

– Так.

– У Гігалах няма чаго руйнаваць, усё абкошана, усё дагледжана – парадак. У Мацейках – хатынь, усё паразбіралі.

У новым указе прапісана, што раз у паўгода праходзіць камісія. Калі выяўлены пусты дом і знойдзены ўладальнік, ён апавяшчаецца. Калі няма рэакцыі – суд, потым знос або продаж. Шукаць старыя і пустуючыя дамы будуць не толькі ў вёсках, але і ў райцэнтрах, абласных цэнтрах, і ў сталіцы таксама.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі