Тры перамогі гарадзенскага дзіцячага хоспіса
Цягам апошніх сямі дзён прадстаўнікі гарадзенскага дзіцячага хоспіса атрымалі перамогу ў трох розных конкурсах. Праекты дапамогуць кантраляваць анкалогію, модна адзець людзей з інваліднасцю і абараніць правы асаблівых дзяцей.
Пра перамогу ў спаборах распавядае дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка:
– Упершыню за 10 гадоў існавання гарадзенскага дзіцячага хоспіса за адзін тыдзень мы перамаглі ў трох конкурсах. І для нас гэта падсумаванне вынікаў працы за два апошнія гады. Першая перамога была першага чэрвеня, калі мы занялі першае месца з нашым праектам па стварэнні адаптыўнага адзення для людзей з рознымі формамі інваліднасці. І мы выйшлі ў рэгіянальны фінал, будзем спрабаваць атрымаць перамогу на рэспубліцы.
Для Вольгі Вялічкі перамога ў конкурсе ад кампаніі “Будзьма беларусамі” таксама з’яўляецца вельмі адметнай. Праект будзе распавядаць пра правы дзяцей з інваліднасцю ў форме форум-тэатра для школьнікаў.
– Такім чынам расказаць пра канвенцыю ААН па правах людзей з інваліднасцю. Мы вырашылі выкарыстаць методыку форум-тэатра, дзе будзе распрацавана некалькі сцэнароў. Гэтая методыка дазваляе ўключаць гледачоў у само дзеянне спектакля і сумесна вынаходзіць нейкія рашэнні той праблемнай сітуацыі, якая будзе закладзена ў сцэнар.
Вольга Вялічка адзначыла, што таксама ў конкурсе Еўракамісіі адобрана заяўка ад гарадзенскага хоспіса. Гэта будзе праект па развіцці паліятыўнай дапамогі цяжкахворым дзецям на Гарадзеншчыне — у Лідскім, Шчучынскім і Ваўкавыскім раёнах.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня