Тры сустрэчы на Гарадзеншчыне



Тры сустрэчы ў адзін дзень на Гарадзеншчыне правялі бард і журналіст з Менска Зміцер Бартосік, пісьменнік, журналіст і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын, грамадскі актывіст і былы педагог з Дзятлава Валерый Петрыкевіч. Госці наведалі Райцаўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна, Валеўскую сярэднюю школу Наваградскага раёна і Дварэцкую сярэднюю школу Дзятлаўскага раёна.

Госці ў Райцаўскай і Валеўскай школах цікава распавядалі пра гісторыю беларускай кнігі, пра лёс беларускіх пісьменнікаў, якія родам былі з Карэліччыны і Наваградчыны, правялі некалькі літаратурных конкурсаў, а пераможцаў узнагароджвалі кнігамі беларускіх аўтараў, паштоўкамі і значкамі. Зміцер Бартосік ўсе выступленні аздабляў добрымі песнямі па-беларуску.

У Дварэцкай школе госці далучыліся да мерапрыемства, прысвечанага 85-годдзю з дня нараджэння паэта дзятлаўскай зямлі Віктара Шымука. Сяргей Чыгрын пазнаёміў вучняў і настаўнікаў з кнігамі паэта з Дзятлаўшчыны, а Валерый Петрыкевіч нагадаў некалькі сустрэч з паэтам.

Настаўнікі і вучні былі вельмі задаволеныя гэтымі спатканнямі і запрашалі, каб літаратары часцей прыязджалі ў вясковыя школы Гарадзеншчыны.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара