Тры сяржанты вайсковай часткі “Печы” – на лаве падсудных



Працягваецца судовы працэс па справе гібелі ў мінулым годзе шараговага Аляксандра Коржыча. Хлопца знайшлі павешаным на тэрыторыі часткі, прычым у яго былі звязаныя ногі, а на галаву нацягнутая футболка. Паводле Следчага камітэта, Коржыча давялі да самагубства, але яго маці лічыць, што гэта забойства.

Гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч не верыць у тое, што ў гэтай справе мы дазнаемся ўсю праўду:

– Невыгодна раскрываць усю праўду пра тое войска і сістэму, якая існуе, якая дасталася ў спадчыну яшчэ з Савецкага Саюза і, як аказваецца, як выявілася пасля гібелі гэтага шараговага Коржыча, існуе і нават умацавалася, можна сказаць, гэтая дзедаўшчына і ўсе гэтыя праявы. Вельмі сумнеўна, што такое войска мае абарончую здольнасць, можа абараніць краіну, калі гэтыя падлеткі, па сутнасці, трапляюць там пад катаванні, пад здзекі.

“Гэта не разавая, а сістэмная з’ява ў гэтым “беларускім”, а па сутнасці савецкім войску”, – працягвае Уладзімір Хільмановіч:

– Таму я не думаю, што будзе да канца аб’ектыўна расследаваная гэта справа. Ускосныя дадзеныя, сведчанні маці і некаторых іншых паказваюць, што, хутчэй за ўсё, было здзейснена забойства і будзе прынятае палітычнае рашэнне.

Падчас судовага працэсу па справе Коржыча ў якасці сведак выступаюць іншыя служачыя вайсковай часткі ў Печах. Усе яны сведчаць пра нестатутныя адносіны – то бок “дзедаўшчыну”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kp.ru