Тры ўдзельнікі забастоўкі на БМЗ атрымалі турэмныя тэрміны



У Жлобіне 1 лютага вынесеныя прысуды тром удзельнікам жнівеньскай забастоўкі на Беларускім металургічным заводзе.

Ігар Повараў атрымаў тры гады пазбаўлення волі, Аляксандр Баброў і Яўген Говар — два з паловай (усе — з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле абвінавачання, 17 жніўня мінулага года яны разам з іншымі работнікамі перакрылі на заводзе дарогу тэхналагічнаму транспарту ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

Была распачатая крымінальная справа на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

БМЗ адклікаў свой грамадзянскі іск у сувязі з кампенсацыяй абвінавачанымі шкоды ў памеры 1.088 рублёў 50 капеек.

Усе трое прызналі віну. У асобную вытворчасць выдзеленая крымінальная справа яшчэ аднаго ўдзельніка забастоўкі Паўла Магідава, які з’яўляецца грамадзянінам Расеі і паспеў з’ехаць з Беларусі.

belapan.by