Тры з паловай гады калоніі “за гвалт над міліцыянтамі”
У судзе Першамайскага раёну Віцебску завяршыўся разбор яшчэ адной крымінальнай справы, распачатай супраць удзельніка мірных пратэстаў. Суддзя Таццяна Родзіна прызнала 54-гадовага Уладзіміра Малахоўскага вінаватым паводле паводле крымінальнага артыкула 364 («Гвалт або пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў МУС»).
Паводле міліцэйскага пратакола, 13 верасня мінулага году хворы на анкалогію інвалід Малахоўскі пабіўся з міліцыянтамі, завалодаў міліцэйскім жэтонам, і ўжо ў “аўтазаку” распыліў слезацечны газ у бок міліцыянтаў. Трое міліцыянтаў выставілі патрабаванні маральнай кампенсацыі – 1000 рублёў кожны. І суд іх задаволіў – у дадатак да зняволення на тры з паловай гады, распавяла сваячка Уладзіміра Малахоўскага, спадарыня Ларыса:
– Яны не ўлічылі, што чалавек хварэе на анкалогію, што яму патрэбнае медычнае абследаванне раз на паўгода ў абавязковым парадку. Што ў яго пенсія па інваліднасці 247 рублёў, але ён вінны па тысячы рублёў гэтым у двукоссях пацярпелым. У нас няма справядлівасці. У нас дэфолт прававой сістэмы, гэта зразумела ўсім і кожнаму!
Суд над Уладзімірам Малахоўскім праходзіў практычна ў закрытым рэжыме: на працэс пускалі толькі жонку, спасылаючыся на небяспеку распаўсюду каронавірусу. Ад яе стала вядома, што пракурор прасіў для мужа 6 гадоў пазбаўлення волі, і што падсудны пачувае сябе не вельмі добра: да затрымання ён перанёс некалькі сеансаў хіміятэрапіі, а ў СІЗА захварэў на бранхіт. Іншыя сваякі і журналісты змаглі трапіць толькі на абвяшчэнне прысуду.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск