Трывожныя кнопкі з’явіліся ў навучальных установах Менска



Міністэрства ўнутраных спраў абсталявала трывожнай сігналізацыяй больш за 300 навучальных устаноў Менска.

Пра гэта паведаміў журналістам міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага турніру сярод непаўналетніх па міні-футболе „Разам да перамогі”, якая адбылася сёння на базе адукацыйна-аздараўленчага цэнтра „Лідар” ў Менскім раёне.

„Некалькі гадоў таму Дэпартамент аховы МУС пачаў бясплатна абсталёўваць навучальныя ўстановы трывожнай сігналізацыяй, браць іх пад ахову. Сёння ў Менску пры нашай спонсарскай дапамозе трывожныя кнопкі устаноўлены больш чым у 300 установах адукацыі. У іншых рэгіёнах такіх кнопак размешчана менш, але там мы таксама працуем і адшукваем сродкі для ўстаноўкі сігналізацыі „, – распавёў Ігар Шуневіч.

У ліку мер па прадухіленні здарэнняў на тэрыторыі навучальных устаноў – праца МУС з персаналам аховы і жорсткі кантроль за набыццём, захоўваннем і выкарыстаннем агнястрэльнай зброі ў дзяржаве. „Вядома, мы не застрахаваны ад разнастайных здарэнняў, але наша задача – мінімізаваць рызыкі, над чым мы і працуем”, – падкрэсліў міністр.

zviazda.by