Царква „Новае жыццё” праводзіць свае набажэнствы на вуліцы



Царква „Новае жыццё” ў Менску ўжо чатыры месяцы праводзіць свае набажэнствы на вуліцы — на аўтастаянцы побач з будынкам, адкуль іх выселілі ўлады.

У мінулую нядзелю адбыўся ўжо 18-ы сход: вернікі сабраліся пад пякучым сонцам. Парасоны, саламяныя капелюшы і прыхаджане, якія хаваюцца ў цені сваёй былой царквы, — цяпер так выглядаюць іх набажэнствы.

17 лютага судовыя выканаўцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі ўвайшлі ў будынак царквы „Новае жыццё” пад пагрозай узлому дзвярэй. У царкве было каля 50 вернікаў. Іх выгналі з будынка, пагражаючы адправіць на „суткі”.

Выселіць суполку хрысціян поўнага Евангелля з будынка на вуліцы Кавалёва ў Менску сталічныя ўлады спрабуюць з 2005 года. У 2006-м вернікі ладзілі пост-галадоўку. У выніку акцыі менскія ўлады пакінулі „Новае жыццё” ў старым будынку.

Пасля выбараў 2020 года пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў на беларускіх вуліцах і заклікаў улады пакаяцца.

Беларускае Радыё Рацыя