Цела памерлага беларускага дальнабойніка вязуць на даху аўтамабіля
Цела памерлага беларускага дальнабойніка Андрэя Разумовіча, які памёр 26 сакавіка ў чарзе на мяжы Казахстана і Туркменістана, вязуць у труне на даху «Toyota Sienna». З Казахстана яго дастаўляюць у бок расейскай Самары.
Аўтамабіль суправаджаюць паліцэйскія, паведамляе mediazona.ca. Разумовіч не дажыў чатыры дні да свайго 50-годдзя.
Ён вёз груз у Туркменістан, але гэтая краіна з-за каронавірусу закрыла сваю мяжу. І каля сотні грузавікоў з Беларусі і Расеі не паспелі яе пераехаць.
Вынікаў судмедэкспертызы яшчэ няма. У паліцыі заявілі, што «факт крымінальнай смерці не ўсталяваны». Андрэй Разумовіч з Жодзіна. Ад казахстанска-туркменістанскай мяжы да яго роднага горада 3,5 тысячы кіламетраў.
Перавозкай труны займаецца страхавая кампанія.
Праверка на каронавірус дала адмоўны вынік.
Беларускае Радыё Рацыя
