Целы загінулых пад Іркуцкам пакуль што не ідэнтыфікаваныя




Кіраўнік дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту Беларусі Арцём Сікорскі паведаміў, што целы загінулых у авіякатастрофе пад Іркуцкам беларусаў пакуль што не ідэнтыфікаваныя.

Паводле яго слоў, для арганізацыі дастаўкі целаў загінулых на радзіму ў Іркуцк выехаў прадстаўнік беларускай авіякампаніі «Гродна», якая эксплуатавала Ан-12, што разбіўся.

«У першую чаргу мы разглядаем дастаўку целаў нашых грамадзян, членаў экіпажа. З расейскімі калегамі маем зносіны па аказанні дапамогі ў дастаўцы цел пасажыраў», — дадаў Сікорскі.

У найбліжэйшыя дні «чорныя скрыні» будуць перададзеныя ў Маскву для расшыфроўкі.

Самалёт Ан-12 беларускай кампаніі „Гроднаавія” вяртаўся ў аэрапорт базавання пасля перавозкі прадуктаў на Чукотку. Ён знік з радараў вечарам 3 лістапада на падлёце да Іркуцка. На борце знаходзіліся 9 чалавек, з іх трое — грамадзяне Беларусі. Гэта штурман Андрэй Сяргееў, а таксама два інжынеры — Дзмітрый Гармоненка і Максім Карпук.

Фота: EPA/MYKOLA TYS/ТАСС