Цэнтр Беларускай Салідарнасці запрашае на прэс-канферэнцыю па сітуацыі з галадоўкай Мацкевіча
Цэнтр Беларускай Салідарнасці сёння запрашае на прэс-канферэнцыю прысвечанай сітуацыі з галадоўкай Уладзіміра Мацкевіча — беларускага апазіцыйнага дзеяча, філосафа, які поўгады сядзіць у менскай турме. Яму дагэтуль не прад’яўленыя абвінавачанні. 12 дзень ён трымае галадоўку. Паведаміў прэсавы сакратар Цэнтра Беларускай Салідарнасці Антон Жукаў.
– Ад сённяшняга дня палітычны зняволены і беларускі філосаф пачаў сухую галадоўку, што насамрэч вельмі пагражае яго жыццю. Для Цэнтра Беларускай Салідарнасці гэта вельмі асабістая гісторыя, бо ў нас працуе дачка Уладзімера Мацкевіча – Надзя Лучанок. Таму мы вельмі хочам дапамагчы ў гэтай справе спадару Ўладзіміру.
Ад сёння Уладзімір Мацкевіч перастане піць ваду, што ставіць пад пагрозу яго жыццё. Ён патрабуе прызначэння суда і вызвалення яго пад падпіску аб нявыездзе.
– Галадоўка Уладзіміра Мацкевіча сталася вядома ў акадэмічнай польскай супольнасці, сярод навукоўцаў і філосафаў. Таму нашая мэта – даць яшчэ больш інфармацыі польскай грамадскасці аб тым, што адбываецца ў Беларусі, аб сітуацыі з галадоўкай Уладзіміра Мацкевіча. Безумоўна, тут патрэбна такая міжнародная салідарнасць з беларускімі палітычнымі вязьнямі.
Прэс канферэнцыя пройдзе сёння, 15 лютага ў 13:00 у Беларускім цэнтры Solidarności. У ёй прымуць удзел:
Святлана Мацкевіч – жонка Уладзіміра Мацкевіча.
Міхал Шчэрба – дэпутат польскага парламента.
Адзін з лідэраў беларускай дэмакратычнай апазіцыі і былы амбасадар у Польшчы Павел Латушка.
Дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская–Гузы.
Дырэктар кафедры Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі
Сястра Марыі Калеснікавай і сябра Кардынацыйнай Таццяна Хоміч.
Беларускае Радыё Рацыя