„Цэнтр гарадскога жыцця” працягвае сваё існаванне
У Гародні людзей, якія прыйшлі ў „Цэнтр гарадскога жыцця” на лекцыю філосафа Пятра Рабава з Расеі, міліцыя адпусціла. Затрыманне ўдзельнікаў людзьмі ў масках не адпавядае логіцы паводзінаў сілавікоў.
Кажа праваабаронца Цэнтру „Вясна” Віктар Сазонаў:
– Мы ўчора ўбачылі не проста ігнараванне правоў чалавека, а ўвогуле – грэбаванне імі. Людзей схапілі, ніхто не глядзеў, колькі гадзін іх трымалі. Ніхто не суадносіў гэта з дзеючым заканадаўствам. Пратрымалі іх да позьняга вечара. Мне тэлефанавалі людзі і гаварылі, што яны будуць сведкамі па нейкай справе. Але мала таго, у іх патрабавалі адбіткі пальцаў. Бо казалі, што заканадаўства патрабуе у сведкаў збіраць адбіткі пальцаў.
У „Цэнтры гарадскога жыцця” супакойваюць, што гэтая культурніцкая пляцоўка працягвае існаваць.
Кажа дырэктар Цэнтра Павал Мажэйка:
– Прашу не хвалявацца нашых сталых наведвальнікаў і наогул усіх, хто цікавіцца культурніцкай дзейнасцю ў Гародні. Цэнтр працягвае сваю працу ў нармальным, звычайным рэжыме. Гэтая акцыя органаў нам, канешне, была непрыемная і не да месца. І да гэтага часу мы не разумеем, што адбылося, але нашая дзейнасць працягваецца і мы ўжо плануем самыя бліжэйшыя мерапрыемствы.
На думку гарадзенцаў, такія паводзіны сілавікоў могуць толькі паказаць патэнцыйным наведвальнікам мерапрыемстваў „Цэнтра гарадскога жыцця”, што так званай лібералізацыі няма, і ў сілавікоў „усё пад кантролем”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня