Цэнтр стратэгічнай цяжбы: “Мы працуем на будучыню”
Ёсць такі стары анекдот: “За парушэнне правоў чалавека – расстрэл на месцы”. У гасцях праграмы “Мы бачым” – кіраўнік Гомельскага цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка і каардынатар праграм Васіль Палякоў.
– Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека пазначаецца, што ўсе людзі нараджаюцца вольнымі, роўнымі і надзеленымі правамі і свабодамі. Ні для каго не сакрэт, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека. Пра гэта неаднаразова адзначаў і Камітэт ААН па правах чалавека. Нягледзячы на ўсе парушэнні, падаецца, беларускае грамадства не надта пераймаецца з гэтага. Беларусаў болей хвалюе матэрыяльны дабрабыт. Чаму так здарылася?
Васіль Палякоў:
– Падчас свайго развіцця грамадства праходзіць пэўныя этапы. І беларусы цяпер на тым этапе, калі правы чалавека не самыя актуальныя. Але гэта не азначае, што так будзе заўжды.
Леанід Судаленка:
– Нашае грамадства яшчэ не саспела, каб правы чалавека сталі паўсядзённай каштоўнасцю. Трэба памятаць, што мы толькі нядаўна выйшлі з 70-гадовага застою, які быў у часы Савецкага саюзу. Тады пра правы чалавека не казалі, а тыя, хто казаў, лічыліся дысідэнтамі. На жаль, такая гісторыя не заклала неабходны падмурак традыцыяў у галіне правоў чалавека. Таму сёння мы збіраем тое, што пасеялі ўчора. Але гэта не азначае, што заўтра пра правы чалавека не будуць казаць на дзяржаўным узроўні і імі не будзе цікавіцца нашая моладзь. Сёння мы закладаем такі падмурак, каб наступныя пакаленні не баяліся самога панятку правы чалавека.
Цэнтр стратэгічнай цяжбы існуе каля сямі год. Ён ствараўся дзеля таго, каб адстойваць правы грамадзянаў як у Беларусі, так і ў міжнародных структурах. Ці звяртаюцца да Вас тыя, хто не заангажаваныя ў палітыку ці грамадскую дзейнасць? Ці, як бы сказалі нашыя людзі, неапазіцыянеры?
Леанід Судаленка:
– Звяртаюцца розныя людзі. Канешне, збольшага – гэта грамадскія актывісты Гомельшчыны і іншых рэгіёнаў ( да нас звяртаюцца з усёй краіны). Але звяртаюцца і тыя, хто лічыць, што асуджаны несправядліва. Тыя, у дачыненні да каго назіраецца дыскрымінацыя па рэлігійных меркаваннях. Ці людзі, у крымінальных альбо грамадзянскіх справах якіх не было незалежнага суду.
За гады дзейнасці Цэнтру Вам давялося весці некалькі дзясяткаў справаў, датычных парушэнняў правоў чалавека. Можа быць, згадаеце найбольш рэзанансныя.
Леанід Судаленка:
– Цягам гэтага году мы займаліся тэмай смяротнага пакарання. Альбо правам на жыццё. Да нас звярнулася Вольга Грунова, чый сын быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Наш Цэнтр дапамагаў ёй звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Нягледзячы на тое, што з гэтай структуры была накіраваная нота беларускай дзяржаве не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд, пакуль скарга не будзе разгледжаная па-сутнасці, прысуд у дачыненні да хлопца быў прыведзены ў выкананне. Цяпер мы з Вольгай Груновай распачалі стратэгічную цяжбу, каб у Беларусі адмянілі закон і практыку яго прымянення, калі родзічам і маці расстраляных не выдаюць цела для пахавання.
Васіль Палякоў:
Запомніліся справы, якія тычыліся непасрэдна мяне. У гэтым годзе было прынята тры рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека. І ў кожным рашэнні было пазначана, што Беларусь парушыла маё права на свабоду мірных сходаў і свабоду распаўсюду інфарамцыі.
Як рэагуе афіцыйны Мінск на перамогі Цэнтра стратэгічнай цяжбы ў ААН?
Васіль Палякоў:.
– Улады імкнуцца рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Маўляў, Камітэт – гэта толькі група экспертаў і іх рашэнні – не абавязковыя для выканання. З боку ўраду афіцыйна не назіраецца амаль ніякай рэакцыі на рашэнні Камітэту ААН па правах чалавека. Нават не публікуюць гэтыя рашэнні.
Ці было хоць адно рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека выкананае ў Беларусі?
Леанід Судаленка:
– На вышэйшым узроўні, прэзідэнт нашай краіны, кажучы пра правы чалавека, гаворыць прыблізна наступнае: калі чалавек працуе, мае хлеб і соль на стале – гэта і ўсе правы чалавека. Таму Беларусь – другая краіна ў свеце паводле колькасці рашэнняў, прынятых у Камітэце ААН па правах чалавека. Наша краіна заўсёды кажа пра тое, што Беларусь з’яўляецца заснавальніцай ААН, як бы паказваючы, што Беларусь клапаціцца пра правы чалавека. Практыка паказвае, што яна насамрэч не клапаціцца. Нягледзячы на тое, што маецца больш за 70 рашэнняў Камітэта, Беларусь не імкнецца выконваць ніводнае з іх. Калі і адбываецца выкананне нейкага рашэння, то кулуарна.
Калі Беларусь ігнаруе рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, навошта выходзіць на гэтыя міжнародныя механізмы?
Леанід Судаленка:
– Калі жыць адным днём, то, канешне, можна сказаць: “Навошта гэта рабіць?”. Але калі думаць пра заўтрашні дзень, пра будучыню, то варта звяртацца ў Камітэт. Як я адзначаў раней, мы ствараем падмурак, каб нашыя дзеці маглі смела казаць пра правы чалавека.
Васіль Палякоў:.
– Ёсць такі закон дыялектыкі: пераход колькасных змяненняў у якасныя. Чалавеку, калі яго пакрыўдзілі, вельмі важная падтрымка. І падтрымка Камітэту – аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі – гэта вельмі значны маральны пакдмурак.
Што б Вы параілі рабіць людзям, чые правы парушаюцца?
Леанід Судаленка:
– Калі казаць пра нашую арганізацыю, то ў нас створаны сайт: http://litigation.by . Там можна азнаёміцца з рашэннямі, якія прымаюцца па Беларусі ў Камітэце ААН па правах чалавека. Куды звяртацца грмадзянам? У вядомыя праваабарончыя арганізацыі. Гэта “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт. Таксама да асобных праваабаронцаў, якія могуць падказаць, як правільна вычарпаць усе ўнутраныя сродкі прававой абароны.
Васіль Палякоў:.
– У першую чаргу ніколі не здавацца. Бо калі чалавек прымае рашэнне адысці ў бок, то ягоныя правы так і будуць надалей парушацца.
Поўная версія гутаркі:
Юлія Сівец і Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель