Цэнтр „Вясна” патрабуе ад уладаў спынення арыштаў і судовага пераследу праваабаронцаў
„Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарату Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь расследуецца крымінальная справа, узбуджаная па факце дзейнасці праваабарончага цэнтра „Вясна”, — адзначаецца ў заяве. — Дадзеная крымінальная справа ўзбуджаная па арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). На дадзены момант у яе межах адбываюцца актыўныя следчыя дзеянні: вобшукі ў офісах нашых рэгіянальных аддзяленняў і ў кватэрах сябраў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні”.
„Як вынікае з афіцыйных каментароў СК, на думку органаў следства, ПЦ „Вясна” нібыта ажыццяўляе фінансаванне ды іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў, якія пераследуюць мэты здзяйснення іх удзельнікамі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, — гаворыцца ў заяве. — Трэба адзначыць, што напярэдадні гэтых падзеяў па падобных абвінавачваннях былі ўзятыя пад варту праваабаронцы і валанцёры ПЦ „Вясна” Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, а па дзяржаўным тэлебачанні вядзецца прапагандысцкая інфармацыйная кампанія, у якой ПЦ „Вясна” фактычна абвінавачваюць у тэрарыстычнай дзейнасці”.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ПЦ „Вясна” на працягу ўсіх 25 гадоў сваёй працы „рэгулярна сутыкаецца з актамі ціску, запалохвання і пераследу сябраў арганізацыі за ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці”. „У 2001 годзе арганізацыя была незаконна пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі і вымушаная апошнія 18 гадоў абараняць правы чалавека ў краіне без рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі. У 2011 годзе старшыня аб’яднанння Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі за атрыманне замежнай дапамогі на праваабарончую дзейнасць арганізацыі, — гаворыцца ў заяве. — ПЦ „Вясна” ніколі не з’яўляўся арганізатарам якіх бы то ні было гвалтоўных дзеянняў і заўсёды падтрымліваў мірную рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных свабод”.
„Пры гэтым мы ў чарговы раз адзначаем, што акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў прэзідэнта ў 2020, 2021 гадах насілі пераважна мірны характар, — заўважаецца ў заяве. — Нягледзячы на гэта, супраць пратэстуючых былі ўжытая непрапарцыйная сіла, спецсродкі і зброя. Найбольш абуральным фактам з’яўляецца выкарыстанне масавых і сістэмных катаванняў у дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту з боку прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. У склаўшайся сітуацыі вострага крызісу з правамі чалавека ў краіне дзейнасць ПЦ „Вясна” скіраваная на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і масавых парушэнняў правоў чалавека”.
У гэтых мэтах праваабаронцы актыўна ўзаемадзейнічаюць з міжнароднымі механізмамі абароны правоў чалавека, уключаючы такія арганізацыі, як АБСЕ і ААН.
„Мы расцэньваем пачатак крымінальнага пераследу па факце дзейнасці ПЦ „Вясна” як чарговы пераслед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасцю з боку існуючага аўтарытарнага палітычнага рэжыму А.Лукашэнкі, які адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне, — падкрэсліваецца ў заяве. — Гэтыя дзеянні ўладаў Беларусі груба парушаюць шэраг міжнародных пагадненняў, удзельнікам якіх з’яўляецца і Рэспубліка Беларусь, у прыватнасці Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, Кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб’яднанняў”.
„Вясна” патрабуе ад уладаў спынення рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку праваабаронцаў, якія знаходзяцца за кратамі.
У заяве таксама ўтрымліваецца патрабаванне „гарантаваць магчымасць усім праваабаронцам у Беларусі ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу”.
„Мы ніколі не спынім сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраваную на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі”, — падкрэсліваецца ў заяве.