“ЦэнтрСпас” дапаможа знайсці жывёлаў
Валанцёрская арганізацыя “ЦэнтрСпас”, што больш за год дзейнічае ў Гародні, дапаможа знайсці зніклых жывёлаў.
Пашукавікі запусцілі новы інтэрнэт-рэсурс, дзе будуць размяшчаць інфармацыю пра зніклых і знойдзеных катоў і сабакаў. Таксама валанцёры атрада, выкарыстоўваючы свой дасвед па пошуку людзей, будуць і самі ўдзельнічаць у пошуку хатніх жывёл.
Пра новы кірунак дзейнасці распавядае камандзір пошукавай групы Яраслаў Струцінскі:
– Для многіх хатні выхаванец эмацыйна нашмат бліжэйшы за роднага чалавека. Асабліва пасля навагодніх святаў у нас было шмат зваротаў пра пошук зніклых сабак, якія палохаліся, вырываліся і ўцякалі, пасля іх немагчыма было знайсці. Нам пісалі, тэлефанавалі. Я зразумеў, што гэта вельмі актуальна. І мы пачалі гэты кірунак дзейнасці.
Апроч старонкі ў сеціве валанцёры дапамагаюць расклейваць улёткі на вуліцах гораду, дзе паведамляецца пра зніклых жывёлаў. Па словах Яраслава Струцінскага, пакуль па дапамогу звяртаюцца уладальнікі “дарагіх” пародаў катоў і сабак.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня