Цэны на паслугі таксі могуць патаннець



Цэны на паслугі таксі могуць знізіцца яшчэ больш з прыходам на рынак новых гульцоў. Такое меркаванне выказаў сёння першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч на рабочай сустрэчы ў МАРГ, дзе абмяркоўваліся праблемныя пытанні на рынку паслуг таксі.

Пра свой намер прыйсці ў краіну заявіла яшчэ адна замежная платформа (Bolt. – Прым. «Звязды»). «Такім чынам, тарыфы могуць яшчэ больш упасці, таму што з’явіцца яшчэ адзін канкурэнт на рынку», – выказаў здагадку Аляксей Ляхновіч. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, адзначыў ён, усім зацікаўленым трэба разам шукаць шляхі вырашэння, як далей працаваць.

І галоўнае, на што звярнуў увагу першы намеснік міністра, – гэта выкананне заканадаўства. На рынку таксі ўсе працуюць у роўных умовах – як інфармацыйныя платформы, так і традыцыйныя службы таксі. «Усе ў аднолькавых умовах, і давайце ў гэтых умовах працаваць», – звярнуўся прадстаўнік ведамства да прысутных. Гэта датычыцца і патрабаванняў да стажу кіроўцаў, і праходжання iмi медыцынскай камісіі, тэхагляду транспартных сродкаў.

Паводле яго слоў, сёння праблема рынку перавозак аўтамабілямі таксі заключаецца ў асноўным у ігнараванні перавозчыкамі заканадаўства. Каб вырашыць гэтае пытанне, у прыватнасці, зацверджаны комплексны план мер па навядзенні парадку ў сферы аўтаперавозак пасажыраў. У бліжэйшы час азнаёміцца ​​з дакументам можна будзе на афіцыйным сайце Мінтранса.

Падставай для сённяшняй сустрэчы ў МАРГ стаў адкрыты ліст таксістаў, у якім яны выказваюць патрабаванне аб павышэнні кошту паездак. У выпадку, калі патрабаванне застанецца па-за ўвагай, таксісты пагражаюць з 31 студзеня блакаваць дзейнасць дыспетчараў таксі, сэрвісаў або агрэгатараў у працоўныя дні з 7 да 12 гадзін.

У адказ на ліст кіраўнік МАРГ падкрэсліў: «Такім чынам дыялог мы не пабудуем». Уладзімір Калтовіч заклікаў удзельнікаў рынка вырашаць падобныя пытанні ў адкрытым рэжыме. Для гэтага ведамства гатова прадʼявіць сваю пляцоўку. Пры гэтым міністр адзначыў, што павінны ўлічвацца інтарэсы абодвух бакоў – як перавозчыкаў, так і пасажыраў.

zviazda.by

Фота: onliner.by