Цэрквы Бельчыцкага манастыра пайшлі на дом для супрацоўнікаў НКВД



У кожным рэгіёне Беларусі ёсць свае Курапаты. У Беларусі няма ніводнага куточка, дзе людзі не пацярпелі б ад сталінскіх рэпрэсій. Не выключэннем з’яўляецца і Полаччына. Полацкі краязнаўца Міхась Баўтовіч правёў экскурсію па мясцінах, якія звязаныя з тым жахлівым часам.

Міхась Баўтовіч: Па гэтай дарозе вялі полацкіх вязняў на расстрэл.

– Першы аб’ект нашай вандроўкі. Гэта былы пабернардынскі манастыр. Пасля паўстання 1831 года канфіскаваны, і ў другой палове 19 стагоддзя ён быў перададзены ў праваслаўнае ведамства. І тут была філія Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Пасля 1917 года манастыр быў закрыты. І недзе ў 30-х гадах тут ужо была турма. Паводле сведчанняў адной з дачок таго, хто знаходзіўся ў гэтай турме, калі Полацкая акруга ўжо была, то гэтая жанчына з Лепеля прыехала сюды наведаць бацьку ў турме. Так што на пачатку 30-х гадоў турма ўжо тут была.

– Цяпер мы наблізіліся да другога аб’екта нашай вандроўкі. Мы на месцы расстрэлаў у 1937-38 гадах. Праўда, расстрэлы адбываліся трохі ў баку. Раскопкі не праводзіліся, але сведчанні сведак паказваюць, што менавіта тут адбываліся гэтыя расстрэлы. Бо на той час гэта была вёска па-за горадам, вёска Бельчыца. Тут недзе кіламетр ад полацкай турмы. Можна нават машыну не браць, а групай, пад аховаў энкавэдыстаў, прывесці сюды і расстраляць. Спачатку, у 1991 годзе, тут быў пастаўлены драўляны крыж. Потым быў заменены на жалезны. Колькі расстраляна? Па картках «Мемарыяла», мне прыйшлося перапрацаваць гэтыя тры мільёны картак з сайта «Мемарыяла», мной абрана недзе 1335 чалавек, якія былі арыштаваныя ў Полацкай акрузе, ну а турма, зразумела, была толькі полацкая, і расстрэлы праводзіліся толькі ў Полацку. Як і ва ўсіх акруговых цэнтрах, як у Віцебску – з Віцебскай акругі, у Барысаве – з Барысаўскай акругі, у Менску – з Менскай акругі. Хаця недзе 231 чалавек, паводле картак, зразумела, гэта мінімальныя лічбы, былі расстраляныя ў Менску. То-бок, мясцовае НКВД вырашыла, што гэта перспектыўныя справы, і гэтыя людзі былі адпраўленыя ў Менск, дзе іх расстралялі, і яны пэўна ляжаць у Курапатах.

 

– Гэта наш апошні аб’ект, звязаны з падзеямі ў 30-ыя гады. Вуліца Кульнёва дом нумар дзевяць. Мы на шыльдзе можам прачытаць, што дом быў збудаваны ў 1937 годзе. Збудаваны якім чынам. Тут побач знаходзіліся Бельчыцкія манастыры. Частка з іх была рэстаўраваная ў канцы 18 стагоддзя. Тая цэгла была прыдатная для новага будаўніцтва, бо гэта ўжо была не плінфа са старых манастыроў. Вязняў гэтай турмы прыганялі сюды, яны разбіралі гэтыя цэрквы, і потым цэгла з манастыроў пайшла на пабудову гэтага дома супрацоўнікаў НКВД. Пазней гэты жылы дом быў аддадзены вайсковай частцы і тут жылі афіцэры гэтай вайсковай часткі. Сёння звычайны жылы дом. Але як раз адзнака таго, што зроблена было з нашай культурай. Фактычна манастыры пайшлі на пабудову дома супрацоўнікаў НКВД. Вось такая сумная гісторыя.

Цалкам матэрыял у гукавым файле:

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара