Ці сустрэнуцца менскія ўлады з актывістамі ў справе юбілею БНР?
Прадстаўнікі аргкамітэта па падрыхтоўцы святкавання стагоддзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі заявілі пра намер сустрэцца са старшынём Менгарвыканкама Андрэем Шорацам. Па словах сябра аргкамітэта, каардынатара грамадскай ініцыятывы „Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага, гэта плануеццца зрабіць 7 лютага, калі старшыня Менгарвыканкама ладзіць асабісты прыём.
– На сённяшні дзень дамоўленасці пра тое, што нас прымуць, няма. Але нават калі нас і не прымуць, мы будзем гэта ўспрымаць як нежаданне ўладаў з намі кантактаваць. Бо ім тэлефанавалі, яны ведаюць, што ёсць жаданне з боку аргкамітэта. Таму далей на іх баку будзе наступны адказ. А мы ўсё роўна 7-га будзем спрабаваць патрапіць.
Патрапіць на прыём маюць намер сябры аргкамітэта па падрыхтоўцы святкавання стагоддзя БНР Максім Вінярскі і Павел Севярынец. Пра вынікі, станоўчыя ці адмоўныя, яны плануюць распавесці на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Менску.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск