Ці адмовіцца Фомачкін ад маскоўскай кватэры?



Чытачы на форумах актыўна абмяркоўваюць беларускага чыноўніка Фомачкіна, які па-ранейшаму знаходзіцца ў эпіцэнтры скандальнай увагі.

Нагадаем, што супрацоўніку Міністэрства спорту і турызму Беларусі, які пранёс расейскі сцяг на адкрыцці Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра, падораць кватэру. Пра гэта напісала ў Facebook афіцыйны прадстаўнік расейскага МЗС Марыя Захарава.

Сам Фомачкін, які, па некаторай інфармацыі, накіраваўся ў Маскву, пракаментаваў гэта так: «У мяне пакуль няма ніякай інфармацыі пра кватэру. Як толькі мне нешта скажуць, тады і буду думаць».

А што думаюць з гэтай нагоды наведвальнікі на форуме pressball.by? Вось толькі некаторыя выказванні:

– Гэта больш крута, чым прызы на “Полі цудаў”. І мазгі не патрэбны. Сказалі пранесці сцяг – пранёс – атрымаў кватэру… ;

– А я не веру ні ў якую салідарнасць Фомачкіна. Як па мне, то гэта быў цвярозы халодны разлік. Усе мы ведаем, што розумам Расею не зразумець. І я адразу ж прадказваў, чым закончыцца гісторыя. Асабліва, калі ўспомніць, як Кадыраў усім чачэнцам-алімпійцам толькі за ўдзел у Алімпіядзе падарыў дарагія джыпы. Вось і зараз Расея аддзякавала за пранос расейскага сцяга;

– Дзяржаўны чыноўнік Мінспорта Андрэй Фомачкін, атрымаўшы падарунак у сувязі з выкананнем сваіх службовых абавязкаў, павінен на дабрачыннай аснове перадаць яго па месцы працы. Такая норма прадугледжана законам “Аб барацьбе з карупцыяй”. Зараз у Міністэрства спорту Беларусі будзе новая кватэра ў Маскве;

– Калі Фомачкін не лічыць сябе героем (пра што ён ужо заяўляў), то лагічна было б прадаць гэтую кватэру, а грошы накіраваць на дабрачыннасць;

– Чыноўнік казаў, што сваёй акцыяй ён вырашыў падтрымаць пакрыўджаных паралімпійцаў-інвалідаў. Паглядзім, як зараз Фомачкін будзе перадаваць грошы за кватэру інвалідам. Гэта будзе тэст на прыстойнасць чыноўніка…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя