Ці будуць беларусы “стукаць” за грошы?
Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавядае, ці дапамогуць грашовыя ўзнагароды за паведамленні пра факты карупцыі знізіць рост карупцыянераў.
Нагадаем, пастанова ўрада №101, якая была прынятая Саветам Міністраў Беларусі 5 лютага, прадугледжвае ўзнагароду за інфармацыю пра карупцыю.
Калі гаворка ідзе пра цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства, памер выплат складзе да 50 базавых велічынь, менш цяжкае — да 30 базавых (базавая велічыня цяпер складае 210 тысяч рублёў).
Гары Паганяйла: Я скептычна стаўлюся да такога новаўвядзення. Як правіла, карупцыйныя злачынствы – хаваныя. Ніхто адкрыта не будзе крычаць, што ўчора ён даў хабар, альбо заяўляць, што сам узяў. Мяркую, што ў нейкай ступені ініцыятыва можа падвысіць раскрывальнасць злачынстваў, але гэта не метад змагання з карупцыяй. Звычайна такія злачынствы звязаны з няхайным выкананнем службовых абавязкаў, выкарастаннем іх у сваіх асабістых мэтах, вырашэннем нейкіх пытанняў, на якіх завязаны пэўныя грошы ці сур’ёзныя правы контрагентаў, якія ўдзельнічаюць у здзелках. Таму перш за ўсё неабходна адкрытасць і галоснасць. Вось гэта будзе садзейнічаць зніжэнню карупцыйных злачынстваў.
РР: Некаторыя ўжо выказваюць меркаванне, што новая ініцыятыва – гэта заклік да грамадзян “стукаць” за ўзнагароду, а таму з’явяцца і даносы, і агаворы. Так можа здарыцца?
Гары Паганяйла: Не без гэтага, хоць, думаю, у аператыўнікаў і так ёсць “свае людзі”, якія даюць ім пэўную неабходную інфармацыю па тых ці іншых фактах карупцыі.
РР: На ваш погляд, ці адклікнуцца беларусы на гэтае новаўвядзенне?
Гары Паганяйла: Нехта, безумоўна, адгукнецца, але даносы не рыса характару беларускага народа, таму наўрад ці ідэя будзе мець значны эфект. А вось сама такая сістэма – яна разбэшчвае. Улады вырашылі чакаць цуду з нябёсаў, калі нехта “настукае” на суседа, што той мае ў халадзільніку дарагую кілбасу, і праблема карупцыі будзе вырашана. За драбязой можа згубіцца сама праблема. Калі ж чыноўнік сістэматычна бярэ хабар ці размяркоўвае дзяржаўныя грошы не належным чынам, то яго падначаленыя могуць заўважыць гэтыя факты. Але сістэма размеркавання хабараў, якія ў тым ліку нясуць і высокім чыноўнікам, як раз і прадугледжвае замоўчванне фактаў. Нават калі хто і будзе здагадвацца пра нейкія карупцыйныя схемы, ён лепш прамаўчыць. Бо няма гарантыі, што і яго могуць пацягнуць услед за тым, каго ён “здаў”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота news-r.ru