Ці будуць пакідаць у Беларусі ядзерныя адкіды?
Вучоны-фізік Георгій Лепін распавядае пра тое, якія небяспекі могуць чакаць краіну пасля таго, як запрацуе атамная электрастанцыя і што могуць зрабіць з адкідамі АЭС.
Не так даўно на сайце Мінэнерга з’явілася паведамленне пра “распрацоўку канцэптуальнага праекта пункта для захавання радыеактыўных адкідаў”. Беларусам абяцаюць, што ўсё ядзернае смецце будзе захоўвацца на тэрыторыі АЭС да 10 гадоў, а затым яго адправяць у спецыяльны пункт захавання. Праўда, да гэтага часу невядома: у Беларусі будуць захоўвацца ці вывезуць за межы краіны, як дэкларавалася раней?
Георгій Лепін: Я вельмі адмоўна стаўлюся да таго, што ядзерныя адкіды могуць захоўвацца на тэрыторыі Беларусі. Рэч у тым, што для надзейнага захоўвання патрэбны спецыяльны грунт кшталту горных масіваў, каб там практычна адсутнічаў рух вады і не было ніякага вымывання адходаў. Такіх месцаў у нас, безумоўна, няма.
Увогуле, будаўніцтва АЭС і размовы пра захаванне адкідаў – гэта вельмі цьмяная гісторыя, і, як мне падаецца, тут больш ідзе нейкая гульня.
РР: Чаму вы так мяркуеце?
Георгій Лепін: У мяне складваецца ўражанне, што гэта не Расея не хоча браць ядзерныя адходы, а беларускі бок не хоча іх аддаваць. Рэч у тым, што гэтыя адходы могуць стаць прадукцыяй для вырабу бруднай атамнай бомбы.
Звычайная атамная бомба робіцца з высоканасычаных радыеактыўных рэчываў – урану альбо плутонію. Для таго, каб атрымаць іх, патрабуецца вельмі складаная і дарагая праца. Яе ў стане праводзіць толькі малая колькасць краін у свеце.
Але зараз прыдумалі іншы спосаб. Робяць простую бомбу з простай выбухоўкай, а вакол яе размяшчаецца вялікая колькасць радыеактыўных адкідаў з рэактара. Калі адбываецца выбух, гэтыя ядзерныя адкіды раскідваюцца на вялізную тэрыторыю, і жыць там ужо немагчыма.
Такую бомбу можа зрабіць практычна любая краіна, для гэтага трэба толькі адкіды з рэактара. Таму не выключана, што беларускія ўлады могуць пераследваць і такую мэту, каб стаць ядзернай дзяржавай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя