Ці будзе ў Гародні шыльда ў гонар БНР?



Грамадскі камітэт па святкаванні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гародні выказаў ідэю па ўсталяванні мемарыяльнай шыльды на адным з будынкаў, які гістарычна азначаны як будынак, звязаны з гэтай гістарычнай датай. У 1919-м годзе Гародня стала другой сталіцай БНР, дзе працавала Рада рэспублікі. Цяпер камітэт звяртаецца да гарадзенскіх гісторыкаў з просьбай указаць, які будынак мог бы прэтэндаваць на памятную шыльду.

Кажа Эдвард Дмухоўскі, сябра грамадскага камітэту.

Гарадзенскі аргкамітэт абмяркоўваў пытанне ўшанавання традыцый Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гародні, а традыцыі гэтыя былі вельмі моцныя. Мы ведаем, што ўрад БНР у свой час месціўся ў Гародні і тут працаваў. Узнікла такая ідэя: звярнуцца да знаўцаў гарадзенскай даўніны: на якім будынку магла б вісець годная шыльда тых падзей і што павінна быць напісана на гэтай шыльдзе?

Ідэю ўсталяваць памятную шыльду на адным з будынкаў Гародні, сябры грамадскага камітэту хочуць выказаць гарадзенскім уладам, напярэдадні знамянальнай даты. Але грамадскі камітэт аказаўся не першым, які выказаў гэтую думку. Гарадзенец Анатоль Мышкевіч, ужо сабраў каля ста подпісаў, каб адзін са старых будынкаў Гародні атрымаў памятную шыльду. Кажа Анатоль Мышкевіч:

Наш гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч, як мне сказалі, адзін з найлепшых гісторыкаў Гарадзеншчыны. Я звярнуўся да яго, каб ён дапамог мне высветліць, які будынак мае найбольшае дачыненне да БНР. Гэта будынак на Савецкай, 23, дзе ў пачатку 1919 года засядала Рада БНР. Я сабраў каля 100 подпісаў на дадзены момант. Мяркую, што іх можа быць і больш.

Гарадзенцы спадзяюцца, што станоўчае рашэнне наконт усталявання шыльды БНР у Менску, можа станоўча быць успрынята і гарадзенскімі ўладамі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя