Ці будзе ў Гомелі вуліца Палуты Бадуновай?
У верасні адзначаецца дзень нараджэння міністаркі сацыяльнай апекі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Палуты Бадуновай. У Гомелі, адкуль паходзіла палітык, няма ніводнай вуліцы ў яе гонар.
Грамадскі актывіст Уладзімір Кацора лічыць, што сёлета таксама не варта чакаць ад уладаў ушанавання памяці Палуты Бадуновай:
— Калі Гомельскі аргкамітэт абмяркоўваў тыя мерапрыемствы, якія да 100-годдзя абвяшчэння БНР будзем праводзіць, то адным з галоўных было тое, што звяртаемся да ўладаў з прапановай, каб у Гомелі з’явілася вуліца імя Палуты Бадуновай, ці, як мінімум, была ўсталявана шыльда. Улады адмовілі. Мы зноў звернемся да ўладаў, але тут ў мяне аптымізму малавата. Я думаю, што зноў грамадскасці сваімі сіламі прыйдзецца нешта зрабіць.
У Гомелі абвешчаны конкурс эскізаў на шыльду ў гонар адной са стваральніц Беларускай Народнай Рэспублікі. Ініцыятыва прымеркаваная да дня нараджэння жанчыны-палітыка, якая з’явілася на свет 7 верасня 1885 года ў гомельскім раёне Навабеліца.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель