Ці быць беларускай мове на магілах паўстанцаў Каліноўскага?



Беларускія грамадскія арганізацыі плануюць правесці перамовы з літоўскімі ўладамі адносна беларускай мовы на магілах паўстанцаў Каліноўскага. У папярэднім варыянце, прапанаваным уладамі гэтай краіны, ёсць толькі літоўская і польская мовы. Перапахаванне паўстанцаў, парэшткі якіх былі знойдзены летась на гары Гедыміна ў Вільні, адбудзецца ўвосень, дакладнай даты пакуль няма. Гаворыць старшыня арганізацыі Беларуская нацыянальная памяць Анатоль Міхнавец.

Я думаю, што, напэўна, нейкая прыблізная дата ў літоўскага боку ўжо ёсць, але яны не агучваюць яе, каб не было непатрэбных розных інсінуацый, а ўсё грунтоўна падрыхтаваць. Таму мы хочам правесці перамовы. Мы не ведаем, ці афіцыйны беларускі бок удзельнічае ў нейкіх перамовах, ці ёсць у іх зацікаўленасць. Калі няма ў афіцыйных уладаў гэтай зацікаўленасці, то будуць прадстаўнікі грамадскай супольнасці размаўляць з літоўскімі ўладамі, дамаўляцца пра нашу прысутнасць, пра беларускую мову і іншыя рэчы.

Перамовы адбудуцца ў канцы сакавіка, а 23-га сакавіка ў Вільні ўшануюць паўстанцаў, збор удзельнікаў шэсця а 13:30 на вуліцы святога Ігната.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя