Ці чакаць чарговай хвалі пратэсту?
Ці дэстабілізуе беларускае грамадства рэалізацыя Дэкрэта №3 “Аб садзейнічанні занятасці”? У нарматыўным акце, у прыватнасці, утрымліваюцца пункты пра кампенсацыю 100% цаны на паслугі ЖКГ для не занятых у эканоміцы асобаў.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што у цяперашнім выглядзе Дэкрэт наўрад ці будзе працаваць.
– Зараз урад маўчыць пра ахову здароўя, пра адукацыю, бо гэта ўсё ў нас бясплатна па Канстытуцыі. І яны зараз вельмі цікава падыходзяць. Як грамадскі транспарт будзе распазнаваць таго, хто не заняты ў эканоміцы? Два віды праязных будзе існаваць?
Гомельскі відэаблогер Арцём Шапараў перакананы, што прыняцце падобных дэкрэтаў каталізуе палітычную актыўнасць грамадзянаў.
– Калі ўлады прымаюць такія законы, яны змушаюць людзей прачынацца. Гэта нядрэнна. Няхай Лукашэнка сам дапаможа нам, неабыякавым людзям, падняцца і выказацца. Такімі законамі ён робіць, як гэта было ў нас мінулай вясной з-за Дэкрэта №3. Выйшаў Дэкрэт №1 – абавязкова будуць пратэсты.
Дэкрэт №3 “Аб садзейнічанні занятасці” прыйшоў на змену “дармаедскаму дэкрэту”. Дакумент быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у пачатку гэтага года. Да канца 2018-га будуць вызначаныя катэгорыі насельніцтва, якія падпадаюць пад дзеянне дэкрэта.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель