Ці дададуць Бандарэнку новы тэрмін зняволення?



Юрыст Беларускага Хельсінскага Камітэта Гары Паганяйла патлумачыў, чаму праваабаронца Андрэй Бандарэнка можа быць прызнаны палітвязнем.

Як стала вядома, Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі, які знаходзіцца ў турме, узбуджаная крымінальная справа па ч. 2. арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Андрэй Бандарэнка з 2011 да 2014 года кіраваў праваабарончай ініцыятывай «Платформа», якая назірала за ўмовамі ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, ажыццяўляла абарону грамадзянскіх правоў зняволеных, выкрывала выпадкі жорсткага абыходжання са зняволенымі з боку прадстаўнікоў органаў унутраных спраў, кансультавала зняволеных і іх блізкіх аб іх правах. У жніўні 2014 года А. Бандарэнка быў асуджаны па абвінавачванні ў хуліганстве на 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Падчас адбыцця пакарання Бандарэнка некалькі разоў караўся ў дысцыплінарным парадку, але ўсе спробы абскардзіць спагнанні заставаліся беспаспяховымі.

Андрэй Бандарэнка павінен быў быць выйсці на свабоду 31 сакавіка 2017 года пасля заканчэння тэрміну пакарання, аднак новыя абвінавачванні супраць яго па арт. 411 КК могуць прывесці да паўторнага асуджэння на тэрмін да двух гадоў пазбаўлення волі.

Калі ён будзе асуджаны па гэтым артыкуле, праваабарончая супольнасць прызнае Андрэя Бандарэнку палітвязнем.

Гары Паганяйла: Дадаць тэрмін зняволення чалавеку, які ўжо адбывае пакаранне, — гэта звычайная практыка для «злосных парушальнікаў рэжыму ўтрымання». Калі адміністратыўных санкцыі назбіраецца дастатковая колькасць, то узбуджаецца крымінальная справа і могуць, што называецца, «накінуць» год альбо два.

РР: Наколькі складана ў калоніі абскардзіць спагнанні?

Гары Паганяйла: Безумоўна, кожны зняволены можа абскарджваць спагнанні (аж да судовага парадку), але ж мы бачым, што ўсе абскарджванні Бандарэнкі аказаліся безпаспяховымі. Складана нешта даказаць, а вось вынесці спагнанні чалавеку адміністрацыя калоніі можа вельмі лёгка. Тым больш, сілавыя структуры, якіх крытыкаваў падчас сваёй праваабарончай дзейнасці Бандарэнка, маюць свае рахункі з праваабаронцам, таму, магчыма, вырашылі «перавыхаваць» па-свойму. А значыцца ў гэтым выпадку ўжо прысутнічае палітычны момант. Як вядома, не выключана, што Андрэй Бандарэнка можа быць прызнаны палітвязнем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя