Ці дасць эфект новы дэкрэт аб “дармаедах”?



Былы палітвязень Юрый Рубцоў выказаў сваё стаўленне да відазмененага дэкрэта аб “дармаедах”.

У Мінпрацы спрагназавалі, што пад дзеянне дэкрэта №1 могуць трапіць каля 250 тысяч беларусаў.

Юрый Рубцоў: Сам ідэя прымусіць людзей працаваць ужо ўступае ў супярэчнасць з канстытуцыйным правам на працу. Усе казкі, якія прыдумвае ўлада для апраўдання гэтага дакумента, насамрэч не маюць пад сабой ніякіх фундаментальных падстаў. Уладзе вельмі выгодна прымусіць людзей працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах за капейкі. А як гэта зрабіць? Вось і прыдумалі дэкрэт, задача якога – напалохаць людзей і накіраваць іх на працоўныя месцы, дзе заробак у разы меншы, чым сярэднестатыстычны па краіне. Не хоча чалавек працаваць за 250-300 рублёў у месяц? Давайце з яго больш вылічваць за камунальныя паслугі, медыцынскія, адукацыю. Хаця, як фарміруюцца гэтыя цэны, толкам і самі кіраўнікі не ведаюць.

РР: Якія яшчэ адрозненні гэтага дакумента ад папярэдняга? Юрый Рубцоў: Улада пайшла на даволі хітры ход. Калі ў мінулым годзе з-за дэкрэта пачаліся масавыя пратэсты, то менавіта вярхоўная ўлада патрапіла пад крытычныя стрэлы людзей. А зараз адказнасць перакладзена на вертыкаль мясцовай улады. Такім чынам, беларускі кіраўнік у любы момант можа сказаць, што гэта мясцовыя чыноўнікі вінаваты, калі з’явіцца ізноў незадаволенасць. Прыгожы ход!

Але мяне ў новым дэкрэце насцярожвае яшчэ адзін момант – стварэнне камісій па працаўладкаванні. Бо пры стварэнні такіх камісій пры райвыканкамах, напэўна, трэба было б скасаваць бюро па працаўладкаванні, якія не справіліся са сваёй задачай. Аднак пра гэта ў дакуменце няма ні слова. Каб не здарылася так, што гэтыя камісіі будуць працаваць не з людзьмі, а з паперамі.

Здзіўляе і тое, што ў абавязкі камісій уваходзіць стварэнне працоўных месцаў. Гэта адначасова самае смешнае і самае страшнае ў гэтым дэкрэце. Бо новыя працоўныя месцы найперш маглі б стварацца прыватнымі прадпрымальнікамі, для якіх асновай з’яўляецца незалежная судовая сістэма, якая б магла абараніць іх маёмасць і бізнес. Але ж гэтага пакуль не бачна. І асабіста для мяне абсурднасць дэкрэта відавочная.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя