Ці давяраюць людзі афіцыйным прафсаюзам?



Экс-кіраўнік Федэрацыі прафасаюзаў Беларусі Уладзімір Ганчарык распавядае, ці працягнуць афіцыйныя прафсаюзы руку дапамогі працоўным у складаны для апошніх перыяд.

Уладзімір Ганчарык

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі правядзе 29 кастрычніка самы масштабны прыём грамадзян па пытаннях абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў, паведамляе прэс-служба ФПБ. Ці будзе для рабочых рэальная дапамога?

Уладзімір Ганчарык: Тое, што афіцыйныя прафсаюзы ладзяць такія кансультацыйныя сустрэчы з людзьмі, безумоўна, добра. Іншая рэч, ці пасадзейнічаюць такія мерапрыемствы вырашэнню праблемы? Ці абароняць інтарэсы рабочых? Мне падаецца, што неабходны рэальныя дзеянні, бо масава назіраюцца выпадкі, калі заробкі своечасова не выплочваюцца. Ад гэтага, дарэчы, церпяць і прафсаюзы, бо ў поўным аб’ёме не пералічваюцца чалецкія ўнёскі. Таму ФПБ трэба думаць і пра тое, як абараняць працоўных, і пра тое, як самім выжываць. У дадатак масавае бяздзеянне прыводзіць да таго, што людзі перастаюць давяраць прафсаюзам.

РР: Можа таму ФПБ, нарэшце, і вырашыла людзям рэальна дапамагчы?

Уладзімір Ганчарык: Думаю, у асобных выпадках нейкая дапамога будзе. Але ж мы кажам пра сітуацыю ў агульным масштабе. А там, паўтаруся, у асноўным – бяздзеянне. Федэрацыя прафсаюзаў павінна дакладна вызначыць і агучыць сваю пазіцыю з нагоды таго, што адбываецца ў краіне.

РР: У яе няма сваёй пазіцыі?

Уладзімір Ганчарык: Ёсць. Гэта плясканне ў далоні ўладзе. Думаю, гэта не тая пазіцыя, якая б рэальна адлюстроўвала сітуацыю і ў эканоміцы, і ў сацыяльнай сферы. На прадпрыемствах сітуацыя не проста складаная, а надзвычай складаная. І ФПБ павінна гэта аб’ектыўна ацэньваць. А ў нас заводзяць гаворку пра захаванне працоўных калектываў… На асобных прадпрыемствах наогул няма каму працаваць, пра што мы кажам? Трэба не пра гэта распавядаць, а рашуча заяўляць пра стварэнне новых працоўных месцаў і гэтак далей. Вось гэта была б і пазіцыя, і дапамога працоўным!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя