Ці дазволяць баранавіцкія ўлады пікет 1 траўня?
Лідар баранавіцкай прафсаюзнай суполкі РЭП Рыгор Грык робіць чарговую спробу правесці пікет у горадзе 1 траўня.
Ён падаў заяўку на пікет у гарадскі выканаўчы камітэт.
Паводле слоў прафсаюзнага актывіста, акцыя будзе наўпрост звязана з пытаннямі абароны працоўных, сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі:
– У Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных. Хочам падтрымаць традыцыю рабочага класа ў абароне сваіх правоў на дастойную працу і заробкі. Баранавіцкія сябры прафсаюза РЭП заўсёды выказваюць сваю салідарнасць з працоўнымі, якія жадаюць бараніць свае правы.
Плануецца, што ў пікетаванні прыме ўдзел каля 15 чалавек.
Цягам апошніх 10 гадоў у Баранавічах гарадскія ўлады не давалі дазволу грамадскім актывістам на правядзенне масавых мерапрыемстваў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org