Ці дазволяць у Беларусі пікеты?
Праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што ўсё застанецца па-ранейшаму.
Пасля выступлення Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі ў падтрымку штотыднёвіка Charlie Hebdo каля французскага пасольства ў Мінску прыпынілі.
Тым часам, 3 лютага Магілёўскі абласны суд адмовіў у задавальненні скаргі намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на рашэнне Шклоўскага раённага суда, якія аштрафаваў таго на 3 млн. 750 тыс. рублёў за ўскладанне кветак да помніка Кастусю Каліноўскаму. Чаму такія розныя падыходы?
Гары Паганяйла: Ніякага паслаблення не будзе, а тое, што было сказана наконт іміджа краіны, дазволу на дробныя пікеты – пыл у вочы альбо, як кажуць у народзе, звычайныя “панты”. Папулісцкі можна аб нечым заяўляць, даваць каманду разабрацца, але дакладна ведаю адно – ніхто не будзе дазваляць ні пікеты, ні іншыя мірныя сходы грамадзян. І пераглядаць свае падыходы да гэтага не будуць ні праваахоўнікі, ні сама ўлада. Тым больш, ва ўмовах электаральнай кампаніі, якая набліжаецца. У такі час наадварот гайкі больш закручваюцца. Не выключаю, што меры незаконнага прымянення санкцый і прэвентыўных арыштаў таксама актыўна пачнуць працаваць, каб трымаць сітуацыю пад поўным кантролем. Таму пра якую лібералізацыю ідзе размова?
РР: На каго тады былі разлічаны, як вы кажаце, “панты”?
Гары Паганяйла: Гэта было разлічана на ўнутранае і міжнароднае спажыванне. Вось, маўляў, якая ў Беларусі дэмакратыя, як у нас усё добра і справядліва, як кіраўнік краіны змагаецца з гнюснымі праявамі чыноўнікаў, якія і псуюць імідж дзяржавы… У краіне, маўляў, маладая дэмакратыя, мы толькі вучымся… Паўтаруся, ніякага паслаблення ў гэтым накірунку не было і не будзе! Усё застанецца па-ранейшаму. А словы… Сёння ўлада дала слова, а заўтра яна яго і забярэ.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя