Ці дазволяць улады рэспубліканскі мітынг прадпрымальнікаў?
Баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус падаў заяву ў гарадскі выканаўчы камітэт на рэспубліканскі мітынг, які рыхтуюць прадпрымальнікі Кааператыўнага рынка Баранавічаў.
Месца правядзення мітынга з удзелам прадпрымальнікаў розных гарадоў Беларусі на Кааператыўным рынку. Пытанняў, якія патрабуюць вырашэння, шмат, кажа Мікола Чарнавус:
– 4-га чэрвеня мітынг будзе праходзіць з 14 да 15 гадзін. Хочам агучыць, што чыноўнікі ўхіляюцца ад правядзення прадпрымальніцкіх сходаў. Выбары ў савет рынка не хочуць праводзіць. Таксама выступаем за адмену указа №222.
Гэта не першая спроба Міколы Чарнавуса арганізаваць мітынг прадпрымальнікаў у Баранавічах. Але кожны раз на сваю заяву ён атрымлівае адмову.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы