Ці беларусы гамафобы? (абноўлена)



Не абвяргайце госпада Бога”, – гучыць аргумент супраць геяў з вуснаў рэдактаркі дзяржаўнай газеты. У Беларусі пасля смерці збітага на фоне гамафобіі гея распачалася дыскусія пра талерантнасць у грамадстве. Праект “Месца для прэсы”, які гучыць на хвалях Радыё Рацыя, далучыў да дыскусіі і рэдактарку выдання “Вечерний Могилёв” Надзею Леўчанку. Менавіта гэта выданне апошнім часам адзначылася тым, што друкуе матэрыялы, якія эксперты кваліфікуюць як гамафобскія. Хаця сама Надзяе Леўчанка ніякай праблемы не бачыць:

– І на сайтах нашых мясцовых пра гэта пішуць. І нічога асаблівага такога супраць мы не робім.

РР: Не думалі вы, каб паглядзець на гэтую тэмы неяк па-іншаму.

– Я не магу глядзець на гэтую тэму неяк па-іншаму. Гэта грэх. І я не буду аспрэчваць госпада Бога. Чытайце Біблію. Калі вы не верыце ў Бога – то гэта ваша права.

РР: І што там у Бібліі напісана?

– Ну пачытаце.

Тут не хапае галоўных аргументаў, – заўважае сацыёлаг Віалета Ермакова. Паводле якой, рэлігійная дыскусія ў Беларусі пра гамафобію адзначаецца недахопам аргументаў і ведаў на тэму. Для таго, каб нешта тут змянілася – павінна змяніцца не адно пакаленне, – кажа сацыёлаг:

– Калі нехта чуе гамафобную рыторыку, то мне здаецца, цалкам слушна заўважыць пра тое, што гэта гамафобная рыторыка. Не абавязкова пераконваць чалавека, калі ён, напрыклад, вельмі рэлігійны. І калі з яго пункту гледжання гэта грэх, то як ты яго пераканаеш за некалькі хвілін. Гэта немагчыма. Па-першае. Па-другое, гэта даволі складаныя філасофскія і рэлігійныя пытанні, іх немагчыма хутка вырашыць. Гэта дыскусія, якая патрабуе часу і культуры. Можа некалькі стагоддзяў пройдзе, калі гэта адменіцца і будзе перагледжана ў рэлігійных дагматах.

Дыскусія у грамадстве – адзін з інстрыментаў, які дапаможа пазбегнуць трагедый, што адбылася з Міхаілам Пішчэўскім. Нагадаем, менчук Міхаіл Пішчэўскі памёр ў шпіталі пасля таго, як год праляжаў у коме. Канфлікт паміж ім і Дзмірыем Лукашэвічам адбыўся на выхадзе з клубу, дзе праходзіла гей-вечарына. Суд прысудзіў Лукашэвічу 2 гады і 8 месяцаў зняволення, але ён выйшаў па амністыі праз 11 месяцаў. Міхаіл Пішчэўскі памёр, а забойца на волі. З юрыдычнага пункту гледжання справа не можа быць перагледжаная.

* * *

Не называйце беларусаў гамафобамі – просіць сустаршыня Беларускай храсціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. У Беларусі актуалізавалася тэма “талерантнага грамадства” на фоне смерці збітага гамафобамі гея Міхаіла Пішчэўскага. Так, напрыклад, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Тацяна Караткевіч у сваім фейсбуку напісала, што Міхаіла Пішчэўскага “забіла нецярпімасць у грамадстве”. У той час як Павел Севярынец не разумее ўвагі да выпадку са збіццём і смерцю Міхаіла Пішчэўскага, маўляў, у беларускім грамадстве і так шмат іншых праблемаў:

Разам з тым, смерць спадара Пішчэўскага — гэта вялікая трагедыя. Але некаторыя СМІ з гэтай трагедыі робяць тэндэнцыю, пачынаецца агульнае абвінавачванне беларускага грамадства, на мой погляд, абсалютна штучнае. Паняцце «гамафобнае грамадства» пачынае сцвярджацца, забівацца ў галовы. Заканчваецца гэта ўсё тым, што ў беларусаў іншай праблемы няма, толькі так званая «гамафобія».

З пазіцыяй хрысціянскіх дэмакратаў не згодная сацыёлаг Віалета Ермакова, паводле якой толькі актуальная дыскусія ў грамадстве дапаможа вырашыць праблему. Чым больш мы будзе размаўляць пра ЛГБТ ды іншыя праблемы, тым большая верагоднасць пазбернуць такіх трагедый:

– Але чым больш будзе такіх публічных боек на гэтую тэму, тым бліжэй будзем да той сітуацыі, калі нам гэтыя бойкі будуць непатрэбныя. Калі Севярынец сапраўды хоча, каб ніколі ЛГБТ не былі прызнаныя ў Беларусі, то ён усё робіць слушна. Ён кажа, у нас ёсць іншыя пытанні, давайце не будзем размаўляць на гэтую тэму. Падобная стратэгія: давайце мы будзем гэта замоўчваць, спрыяе таму, што гэтая праблема яшчэ будзе доўга-доўга-доўга існаваць. Гэтая дыскусія патрэбна, але я не ведаю, колькі яшчэ мы павінны пра гэта казаць і спрачацца, размаўляць-абмярковаць, каб тое, што адбылося зараз, не было б ніколі.

Летась менчук Міхаіл Пішчэўскі трапіў у бальніцу ў стане комы пасля ўдару, нанесенага яму былым настаўнікам фізкультуры Дзмітрыем Лукашэвічам. Прычына – гомасексуальнасць Пішчэўскага.

Суд гэтых акалічнасцяў не ўлічыў і прысудзіў Лукашэвічу 2 гады і 8 месяцаў зняволення, але ён выйшаў па амністыі праз 11 месяцаў. Днямі стала вядома, што Міхаіл Пішчэўскі памёр.

 

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя