Ці мае сэнс патрабаваць з дзяржавы кампенсацыю?
Лідар “Маладога фронта” Зміцер Дашкевіч распавядае, чаму ён не збіраецца судзіцца з дзяржавай за сваё знаходжанне ў СІЗА.
13 снежня суд Маскоўскага раёна працягне разглядаць іск былога фігуранта “справы патрыётаў” Зміцера Крэмянецкага да Камітэта дзяржаўная бяспекі. Маладзёжны актывіст намагаецца спагнаць маральную кампенсацыю з КДБ за свой арышт і знаходжанне ў следчым ізалятары. У межах крымінальнай справы па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў Зміцер Крэмянецкі ўтрымліваўся пад вартай у СІЗА 10 сутак.
А вось Зміцер Дашкевіч, які таксама пэўны час знаходзіўся ў СІЗА по той жа справе, не лічыць мэтазгодным судзіцца з дзяржавай.
Зміцер Дашкевіч: Каб у нас быў сапраўдны суд, то там можна было б шукаць праўду. А калі гэта не суд, а апірышча беззаконня, то што там можна знайсці? Таму я разважаю ў гэтай сітуацыі такім чынам: людзі, у якіх ёсць час, сілы і моцныя нервы, каб судзіцца, няхай гэта робяць. А ў мяне не хапае на гэта часу – я дванаццаць гадзін у суткі заняты працай. І хадзіць яшчэ па судах ды нешта даказваць няма ніякай магчымасці.
РР: Зміцер Крэмянецкі вырашыў пайсці іншым шляхам, каб паказаць ілжывую сутнасць справы. Які ў выніку можа быць эфект?
Зміцер Дашкевіч: Не выключана, што Зміцер, можа быць, нават атрымае якія-небудзь 100 даляраў кампенсацыі, былі ж выпадкі. Але, як мне падаецца, эфект будзе мінімальны, таму што людзі, якія прагнуць пераменаў і чытаюць незалежныя СМІ, ад самага пачатку разумелі, што ўся гэтая крымінальная справа – лухта. А дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ніколі не напішуць і не скажуць, што некага апраўдалі. Гэтая прапаганда ўжо стварыла для фігурантаў справы патрыётаў у масавай свядомасці імідж нейкіх бандытаў, таму абвяргаць гэта ніхто не збіраецца. Калі б была дэмакратычная дзяржава, то тыя, хто фабрыкаваў справу, безумоўна, адказалі б перад законам. Але гэта не пра нас.
РР: Можа быць, хаця б пісьмова выбачацца перад тымі, каго трымалі за кратамі?
Зміцер Дашкевіч: Калі б яны хацелі гэта зрабіць, то ўжо даўно б зрабілі. Больш за тое. Сёння сілавікі нават адмаўляюцца выдаць дакумент, што чалавек мае права на кампенсацыю. Таму пра якія прабачэнні можна казаць?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя