Ці можа Берасце стаць еўрапейскім горадам?
Такое пытанне паспрабуюць абмеркаваць цягам некалькіх месяцаў на Берасцейшчыне. Тут пачынаецца кампанія “Еўрапейскія перспектывы для Берасця”. Асноўная яе мэта – гэта абмеркаванне магчымасцяў для развіцця гораду ў еўрапейскім кірунку, у тым ліку стан гарадской інфраструктуры.
Ініцыятарамі абмеркавання выступілі сябры агенцтва рэгіянальнага развіцця ’’Дзедзіч’’ сумесна з актывістамі кампаніі ’’За вела Берасце’’.
Адзін з галоўных каардынатараў кампаніі ’’Еўрапейскія перспектывы для Берасця’’ Уладзімір Красько распавёў пра яе сутнасць і актуальнасць для гораду:
– Нам цікавы погляд берасцейцаў на пытанне еўраінтэграцыі. Улічваючы, што ў апошні час гэтая тэма вельмі цікавіць грамадства, мае як негатыўныя, так і пазітыўныя водгукі, хацелася б прааналізаваць і сабраць інфармацыю, як зараз берасцейцы ставяцца да еўраінтэграцыі. У межах гэтага будзе праведзены конкурс “Еўрапейскія перспектывы для горада”, дзе будуць абмеркаваныя магчымасці, якія з’явяцца ў горада пасля ўступлення ў Еўразвяз.
“Амаль кожны жыхар Берасця аказвае той ці іншы ўплыў на развіццё гораду ў цэлым, меркаванне кожнага чалавека мае каштоўнасць, – перакананы суразмоўца. З яго словаў, чым больш будзе прыхільнікаў кампаніі, чым больш людзей у яе складзе – тым эфектыўней яе праца.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота sendflowers.by