Ці можна выжыць без рэформаў?



Выжыванне ў часы наступаючага ў Беларусі жорсткага эканамічнага крызісу перакладзена на плечы грамадзянаў, якія, як публічна выказаўся Аляксандр Лукашэнка: «павінны спадзявацца толькі на саміх сябе і развязаць вузельчыкі з накопленым». Але пры адсутнасці эканамічных рэформаў людзі не могуць самі па сабе выжыць пры росце беспрацоўя, драконаўскіх законах і адсутнасці “вузельчыкаў з накопленым”, кажуць жыхары Бярозаўскага раёна:

— Мы ня зможам жыць без эканамічных зменаў самі па сабе, а яшчэ, усюды беспрацоўе. Я па спецыяльнасці слесар, дзе мне ўладкавацца? А яны патрабуюць, каб я плаціў 3 600 000 як дармаед. Дзе мне іх узяць.

— Наша краіна і так выжывае,як можа і народ у ёй выжывае, як можа. Куды ўжо горш, я не ведаю.

— Можа і можна, толькі патрэбная натуральная гаспадарка. 

Апытаныя грамадзяне ўпэўнены, што на рэформы ўлада не пойдзе:

— Гэтай уладзе і так добра жывецца, навошта ім нешта мяняць.

— Баяцца згубіць свае месцы і можа не хапае нейкіх ведаў, адукацыі ці ўмення.

— У нашых людзей такі менталітэт, што ім усё адно. Але калі церпяць і ім так падабаецца жыць, дык няхай і церпяць.

Паводле людзей, іхнымі меркаваннямі кіраўніцтва не цікавіцца, а самому народу небяспечна нешта гаварыць пры існаванні хуткай на расправу ўлады.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: novychas.by