Ці мусяць маці выбіваць законную дапамогу на сваіх дзяцей-інвалідаў?
Кампенсацыі панесенага маральнага ўрону ад прадпрыемства „Гроднапрамбуд” дамагаецца супрацоўніца гэтага прадпрыемства, маці дзіцяці-інваліда, Вольга Макарэвіч.
Амаль два гады яна дамагалася ад прадпрыемства законнай дапамогі на дзіця. Урэшце, абласны суд пастанавіў, што прадпрыемства мае выплаціць грошы пацярпеламу заяўніку. Але пасля гэтага, на Вольгу пачаўся ціск з боку кіраўніцтва „Гроднапрамбуда”. Заява была скіравана супраць трох адказнікаў:
– Калі б яны пакінулі мяне ў спакоі і прызналі сваю віну, хаця б папрасілі прабачэнне, то ніякіх далейшых судовых разбіральніцтваў не было б. Але замест прабачэння яны зноў пачалі на мяне ціснуць і зноў мяне накіравалі хадзіць па судах. То бок пачаліся разборкі ў холе цэнтральнага апарата ўпраўлення, на мяне крычалі, на мяне ціснулі, і каб спыніць увесь гэты ціск, мной быў пададзены зыск аб спагнанні маральнага ўрону, каб проста спыніць свайго працадаўца.
Касацыйная скарга ў абласны суд павінна даць магчымасць суддзям разабрацца ў справе і ўлічыць інтарэсы дзіцяці, Максіма Макарэвіча, хлопчыка, які пакутуе на рэдкую хваробу: Вілі Бранта. Актыўная маці зараз думае пра стварэнне кола аднадумцаў па абароне правоў дзяцей-інвалідаў ва ўсіх сферах, звязаных з аздараўленнем і вяртаннем у супольнасць здаровымі.
Кажа Віктар Сазонаў прадстаўнік праваабарончага цэнтру „Вясна”:
– Прайшоўцы гэтыя пакуты, Вольга прыняла рашэнне, што яна будзе старацца зарэгістраваць арганізацыю, якая будзе дапамагаць хворым дзецям. Гэта як прыклад грамадзянскай актыўнасці, прыклад таго, як чалавек праз сябе перажыў гэтую сітуацыю і перакінуў яе на іншых, і хоча таксама каб людзі аб’ядналіся з падобнымі праблемамі і вырашалі іх сумесна.
Дзеці-інваліды маюць права на шэраг бясплатных дапамог, але іх бацькі часта пра гэта ня ведаюць. Вольга Макарэвіч не адзіная ў такой складанай сітуацыі, і мяркуе, што яе гісторыя мае шырокі сацыяльны ахоп.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя