Ці на беларускіх таварах будзе інфармацыя па-беларуску?



У Беларусі набірае абароты грамадская кампанія аб унясенні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» патрабавання, каб інфармацыя пра тавары ў Беларусі даводзілася на дзвюх дзяржаўных мовах – расейскай і беларускай. Грамадскасць не задавальняе цяперашняя версія закона, паводле якой выкарыстанне расейскай мовы для тэкставага суправаджэння тавараў абавязковая, а беларускай – паводле жадання.  Чаму важна прапісваць у законе роўнасць беларускай мовы з расейскай? Хто выступае супраць беларускай мовы на ўпакоўках тавараў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае каардынатар ініцыятывы „Справаводства па-беларуску” Ігар Случак у размове з Міколам Бянько.

Slucak-693x400

РР: Зараз фактычна ўносяцца змены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» і вы з’яўляецеся адным з ініцыятараў таго, каб на ўпакоўках абавязкова была беларуская мова, на тых таварах, якія вырабляюцца непасрэдна тут. Чаму гэта для нас так важна?

— Паколькі ў Канстытуцыі напісана, што ў нас беларуская і расейская мова дзяржаўныя, то ў нас усё ж павінна быць магчымасць для кожнага спажыўца, і беларускамоўнага і расейскамоўнага, атрымоўваць інфармацыю пра тавары і паслугі на ягонай дзяржаўнай мове. Па-другое, Беларусь уваходзіць ЕАЭС, патрабаванні якога вымагаюць, каб расейская мова абавязкова прысутнічала на таварах. І складаецца такая сітуацыя, што Беларусь — адзіная краіна, чыя дзяржаўная, нацыянальная мова можа не выкарыстоўваецца ў ЕАЭС. І казахская і іншыя мовы абавязковыя да выкарыстання. Таму тут не толькі пытанне нацыянальных магчымасцяў унутранага карыстання, каб усе вытворцы і спажыўцы маглі выкарыстоўваць беларускую мову, але яшчэ і пытанне міжнароднага статусу Беларусі. Тое, што мы не можам сваю мову прадставіць у гэтым звязе сведчыць, што Беларусь не зусім поўна вартасны сябра гэтага звязу. У тым жа Еўразвязе ўсе мовы роўныя. Таму нам трэба дамагацца, каб і Беларусь у ЕАЭС была таксама належна прадстаўлена.

РР: Чым выклікана гэтае нежаданне чыноўнікаў фіксаваць у законе абавязак для вытворцаў адносна беларускай мовы. Можа ёсць нейкія лабісты, якія выступаюць супраць увядзення беларускай мовы ў такі шырокі зварот?

— Магчыма гэта і так, магчыма ёсць нейкія лабісты, магчыма ёсць прадпрыемствы, зацікаўленыя толькі ў расейскай мове. Я не ведаю, па якіх гэта прычынах, але гэта вельмі дэструктыўна для Беларусі. Усё ж не рацыянальна, што ў Беларусі 2 дзяржаўныя мовы, а выкарыстоўваецца толькі адна. Трэба змяняць гэтую сітуацыю, а змяніць яе вельмі лёгка. Тое, што гэта пацягне нейкія выдаткі, няпраўда і адгаворкі. Калі Міністэрства гандлю кажа, што гэта пацягне выдаткі і спасылаецца на «Савушкін прадукт», а сёння мы даведваемся, што «Савушкін прадукт» ніякай камунікацыі з імі не меў, дык выходзіць, што ідзе нейкая хлусня.

РР: Адкуль хлусня? З боку «Савушкінага прадукта» ці з боку Міністэрства гандлю?

— Гэта яны ўжо павінны высветліць паміж сабой, хто хлусіць, а хто —не. Але мы бачым, што абмеркавання, калі глядзець з пазіцыі кампаніі «Савушкін прадукт», ніякага не было. Бо, калі яны кажуць, што не давалі каментар для Міністэрства гандлю, а міністэрства кажа, што праводзіла нейкія даследаванні, дык выходзіць, што дзе адна хлусня, і другая, і трэцяя. Я напрыклад маю адказы ад шматлікіх вытворцаў, буйных і малых, якія падтрымліваюць гэтыя змены. Гэтыя змены падтрымлівае і Таварыствы абароны правоў спажыўцоў і самі спажыўцы падтрымліваюць.

РР: Вы разам з некалькімі актывістамі па ўсёй Беларусі збіраеце подпісы на некалькіх пляцоўках у інтэрнэце. Што ўтрымліваецца ў гэтай петыцыі і чаму нам важна падпісваць такія онлайн-звароты?

— Справа ў тым, што гэтыя онлайн-звароты, хоць і падаюцца прасцейшымі, але яны падпадаюць пад закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», а для нашых чыноўнікаў-бюракратаў, як і для бюракратаў у іншых краінах, патрэбныя не толькі лайкі і рэпосты, якіх яны не могуць пазначыць у сваіх справаздачах, але патрэбнае рэальнае волевыяўленне людзей. Таму, дасылаючы гэтыя петыцыі, што прыходзяць у Парламент, у Адміністрацыю прэзідэнта, у міністэрства, мы паказваем, што людзі таксама зацікаўленыя ў гэтым. І ў такім выпадку чыноўнікам прасцей прымаць нейкія патрэбныя для нас рашэнні.

За двое сутак з моманту з’яўлення онлайн-звароту на рэсурсе petitions.by за беларускую мову на таварах выказаліся амаль 3 тысячы 400 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя