Ці нададуць пінскай мастацкай школе імя Шатохіна?



Уладам Пінска прапанавалі надаць мясцовай дзіцячай мастацкай школе імя яе заснавальніка і першага дырэктара Яўгена Шатохіна. Адпаведная заява пададзена ў гарадскі выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў. Актуальнасць паднятага пытання  тлумачыцца 30-годдзем адкрыцця школы.

Ініцыятыва належыць грамадскаму аб’яднанню “Садружнасць Палесся”. Сакратар арганізацыі Ігар Салавей адзначыў, што наданне ўстанове імя Шатохіна цалкам заканамерна:

– Яўген Шатохін перш за ўсё ёсць мастаком і педагогам. Яго ўнёсак у культуру высока ацэнены мастацтвазнаўцамі і крытыкамі, не толькі айчыннымі, але і замежнымі. Мастацкая школа была для яго жыццём. Калі нават казаць пра яго палітычныя погляды, то яны былі за моцную і незалежную Беларусь.

Яўген Шатохін зрабіў значны ўнёсак у папулярызацыю роднага Пінска і ўсёй Беларусі праз мастацтва. Ягоныя творы, якія адлюстроўваюць прыгажосць Палесся, беларускага наваколля і мінуўшчыны, знаходзяцца музеях і прыватных калекцыях краін Еўропы, Амерыкі і Азіі.

Беларускае Радыё Рацыя