Ці назавуць музей у Гудзевічах імем Алеся Белакоза?



У Палаце прадстаўнікоў падтрымалі ініцыятыву надання музею ў Гудзевічах імя яго заснавальніка Алеся Белакоза. Аднак у Мастоўскім раённым выканкаме надалей глядзяць на гэтае пытанне па-іншаму.

Увесну актывісты з Мастоў сабралі ў раёне 130 подпісаў пад лістом з адпаведнай ініцыятывай і накіравалі мастоўскім раённым і гарадзенскім абласным уладам. Аднак з Мастоў атрымалі адказ, што “называць музей імем Белакоза ў Гудзевічах немэтазгодна”.

У выніку Язэп Палубятка, сабраўшы ўсе дакументы і далучыўшы подпісы, як сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў, адкуль даволі хутка прыйшлі пазітыўныя навіны:

Я накіраваў усе дакументы ў камісію па навуцы, культуры і адукацыі Палаты прадстаўнікоў. Адказ быў вельмі хутка, менш, чым праз месяц. У ім было ўказана, што ідэя ўхвалена, і было рэкамендавана Гарадзенскаму аблвыканкаму і Мастоўскаму райвыканкаму разгледзець пытанне аб наданні Гудзевіцкаму музею імя Алеся Белакоза.

Калі пытанне не будзе вырашана станоўча, Язэп Палубятка кажа, што не спыніцца, і будзе звяртацца ва ўсе інстанцыі, нават у суд, каб дамагчыся свайго. 

Старшыня Мастоўскага раённага выканкама Юрый Валяваты сказаў нашаму радыё, што пазіцыя па гэтым пытанні ў іх не змянілася. Аднак абяцае, што імя Алеся Белакоза будзе ўшанавана іншым чынам, а менавіта мае з’явіцца мемарыяльная шыльда на будынку музея:

– Калі казаць пра пытанне па музею, то пазіцыя такая, якая ёсць…

РР: Так разумею, што ваша пазіцыя наступная: вы не супраць асобы Алеся Белакоза, але наданне музею яго імя лічыце немэтазгодным?

Мы абмяркоўвалі з калегамі гэтае пытанне. Мы працуем над тым, каб размясціць там мемарыяльную дошку. Адносна ж надання імя Алеся Белакоза… вы нашую пазіцыю ведаеце.

РР: А мемарыяльная дошка плануецца ў хуткім часе?

Ведаеце, можа трэба было б і хутчэй вырашыць гэтае пытанне, але ёсць пытанне ўзгадненняў. Вырашым яго, размясцім шыльду і ўвекавечым памяць чалавека, які, як я лічу, зрабіў немалаважны ўнёсак у развіццё нашай самабытнай культуры, нашай самабытнай беларускай культуры. Так, чалавек зрабіў пэўны ўнёсак, але не ён адзін быў стваральнікам музея, і я не хачу займаць аднабокую пазіцыю, і, напэўна, ніколі яе не займу.

Мастоўскі актывіст Васіль Клімовіч, які каардынаваў збор подпісаў пад ініцыятывай надання музею імя Белакоза, раней так пракаментаваў нашаму радыё пазіцыю мясцовых уладаў:

– Душа гэтага музея – гэта спадар Алесь Белакоз. Калі б яго не было, калі б не было ў яго гэтай ідэі, гэтай мэты, гэтага жадання, то ніхто б яму не дапамог. Гэта яго ідэя, і ён натхняў гэтай ідэяй іншых людзей, усе бачылі, што з гэтага ёсць вынікі, і таму людзі яму дапамагалі.

Беларускі настаўнік, краязнаўца, музеязнаўца Алесь Белакоз пайшоў з жыцця 1 снежня 2016 году, яму было 88 гадоў. У Гудзевічах ён стварыў унікальны літаратурна-краязнаўчы музей, які ўзначальваў больш за 30 гадоў, і які цяпер з’яўляецца дзяржаўным музеем. 

Цалкам матэрыял можна паслухаць у далучаным гукавым файле. 

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя.