Ці пачне АМАП зноў страляць па людзях?



Намеснік міністра МУС заявіў, што яго супрацоўнікі гатовыя ўжываць баявую зброю супраць дэманстрантаў. Што павінна адбыцца, каб гэтая пагроза ўвасобілася ў дзеянне?

Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч выказаў меркаванне, што пратэсты становяцца больш радыкальнымі.

— Мы не сыдзем з вуліц і забяспечым парадак у краіне. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і вайскоўцы ўнутраных войскаў у выпадку неабходнасці будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю, — папярэдзіў намеснік кіраўніка сілавога ведамства.

Калі можа здарыцца такая „неабходнасць” і людзі ў касках і балаклавах пачнуць расстрэльваць натоўп, „Ежедневник” спытаў у палітычнага аглядальніка Ігара Ільяша.

Паводле яго слоў, тут не ўсё так проста і не абавязкова варта чакаць нейкага канкрэтнага трыгера.

— Па сутнасці, супрацоўнікі органаў выведзеныя за межы прававога поля. Яны маюць права рабіць усё для падаўлення пратэсту — такая іх дамоўленасць з Лукашэнкам. Сілавікі даўно страцілі ўсялякія мяжы, усякае разуменне аб нармальнасці, — сказаў Ігар Ільяш.

Усёдазволенасць дасягнула такога ўзроўню, што ўжыванне зброі можа здарыцца нематывавана падчас самай звычайнай акцыі.

Але з іншага боку, відавочна, што калі пратэстоўцы будуць адказваць гвалтам на гвалт, дзейнічаць больш радыкальна, абараняючы сваю бяспеку і свае правы, то верагоднасць прымянення зброі сілавікамі вырасце.

Што тычыцца слоў прадстаўніка МУС аб радыкалізацыі пратэстаў, то яны абсалютна бяздоказныя, мяркуе Ігар Ільяш.

Заявы аб радыкальных пратэстах патрэбныя, каб апраўдаць усплёск тэрору з боку саміх сілавікоў.

– Адзіны спосаб апраўдання — сказаць, што больш радыкальнымі сталі пратэстоўцы, — мяркуе эксперт.

На ягоную думку, улада спрабуе падзяліць пратэстоўцаў на ўмоўна „канструктыўных” і ўмоўна „радыкалаў”. „Радыкалам”, якія працягнуць выходзіць на вуліцу, прызначаны той бязладны жорсткі тэрор. Тым, хто пагодзіцца на імітацыю перамоваў, якую прадэманстраваў Лукашэнка ў СІЗА КДБ, будзе дазволена „схадзіць у лазню без канвою”, як сказаў адвакат Шклярава.

novychas.by