Ці падтрымліваюць беларусы падвышэнне пенсійнага ўзросту?



Як вядома, у сакавіку гэтага года Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі плануе правесці апытанне сярод насельніцтва пра магчымае падвышэнне пенсійнага ўзросту. Што адкажуць беларусы?

Аляксандр Бухвостаў: Мяркую, што беларусы не падтрымаюць падвышэнне пенсійнага ўзросту. Хоць, з аднаго боку, сёння многім пенсіянерам не хапае грошай на жыццё, а таму яны яшчэ, як кажуць, і “падпрацоўваюць”. Сярод такіх на самой справе існуе меркаванне, што падвышэнне пенсійнага ўзросту дазволіць ім захаваць за сабой сталае працоўнае месца, якое больш прыбытковае, чым пенсія. Але ж у гэтай сітуацыі трэба глядзець і на тое, якая ў Беларусі працягласць жыцця. Калі параўнаць з некаторымі іншымі краінамі, дзе пенсійны ўзрост падвысілі, то там і працягласць жыцця гадоў на 10 большая. Таму большасць, на мой погляд, не падтрымае такую ініцыятыву, калі браць ва ўлік меркаванне сапраўды ўсіх, а не спасылацца на нейкія дзяржаўныя сацыялагічныя даследаванні.

РР: Але падвышэнне непазбежна?

Аляксандр Бухвостаў: Для таго ж, напэўна, і загаварылі на гэтую тэму. Дарэчы, у многіх краінах узрост сыходу на пенсію мужчын і жанчын прыкладна аднолькавы, таму ў гэтым кірунку могуць таксама нешта змяніць. Тым больш, статыстыка сведчыць, што працягласць жыцця жанчын большая, чым у мужчын.

РР: Калі адбудзецца падвышэнне пенсійнага ўзросту, то ці варта чакаць і пенсійнай рэформы?

Аляксандр Бухвостаў: Безумоўна, пенсійная сістэма павінна быць больш гнуткая, каб людзі самі мелі большую магчымасць клапаціцца пра сваю нармальную будучыню ў сталым узросце. Рэфармаванне павінна быць, і мы яшчэ ў 90-я гады хацелі стварыць прыватныя пенсійныя фонды. Гэта можна рабіць па-рознаму, але пад гарантыю дзяржавы, што грамадзяне, якія дасягаюць узросту пераходу на пенсію будуць падтрымлівацца і дзяржавай. Таму што поўнасцю пераводзіць сістэму на прыватныя рэйкі таксама нельга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info